Ад 200 да 5000: колькі замежных баевікоў хаваецца ў лясах Беларусі

Баевікі з камп'ютарнай гульні Counter-Strike 1.6
Баевікі з камп'ютарнай гульні Counter-Strike 1.6

Беларускія дзяржаўныя і прадзяржаўныя СМІ зачасцілі з заявамі пра баевікоў, якія спяшаюцца дэстабілізаваць сітуацыю на астраўку стабільнасці ў цэнтры Еўропы. Баевікі з ПВК Вагнера, баевікі з Украіны, баевікі з Польшчы, баевікі з Літвы… 

Еўрарадыё вырашыла падлічыць, колькі ж баевікоў з розных дзяржаў цягне рукі да нашага крыштальнага сасуда, калі верыць афіцыйным асобам і прапагандыстам. 

"Да 200 баевікоў "Вагнера" — Раўкоў 

Умяшанне баевікоў ва ўнутраныя справы Беларусі "адбылося" ў разгар агітацыйнай кампаніі Святланы Ціханоўскай, калі яе аб'яднаны штаб збіраў шматтысячныя мітынгі па ўсёй Беларусі. 29 ліпеня БЕЛТА паведаміла, што пад Мінскам затрыманыя 32 "баевікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі". Яшчэ адзін чалавек быў затрыманы на поўдні краіны. 

От 200 до 5000: сколько иностранных боевиков прячется в лесах Беларуси
Андрэй Раўкоў / Еўрарадыё

На наступны дзень дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што "дзесьці на тэрыторыі Беларусі" знаходзіцца яшчэ да 200 баевікоў: "Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена". 

14 жніўня стала вядома, што Беларусь перадала 32 "вагнераўцаў" Расіі. Астатнія так добра схаваліся, што не знайсці?

"Яшчэ адзін атрад" — Лукашэнка

4 жніўня, выступаючы з пасланнем да народа і парламента, Аляксандр Лукашэнка працягнуў палохаць мірных беларусаў: "Сёння паступіла інфармацыя пра яшчэ адзін атрад [баевікоў], які перакінуты на поўдзень".

Ні пра колькасць групы, ні пра тое, адкуль яны, кіраўнік Беларусі не расказаў. "Гэта мы павінны бегаць і лавіць па лясах. Мы ж іх усіх адловім", — дадаў Лукашэнка.

Усё яшчэ ловяць. 

"Каля 200 украінскіх экстрэмістаў" — Лаўроў

2 верасня праходзілі перамовы кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея з яго расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. Тады расійскі міністр замежных спраў заявіў, што па тэрыторыі Беларусі блукаюць замежныя экстрэмісты. Гэтым разам — з-за паўднёвай мяжы:

"Паводле нашых ацэнак, каля двухсот экстрэмістаў, трэніраваных у Валынскай тэрыторыі, якія цяпер знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь", — сказаў Лаўроў.

От 200 до 5000: сколько иностранных боевиков прячется в лесах Беларуси
Сяргей Лаўроў і Уладзімір Макей / БЕЛТА

Таксама ён дадаў, што Украіна фінансуе масавыя акцыі пратэсту ў Беларусі. Уладзімір Макей гэтую інфармацыю не абверг.

Ці трэба казаць, што "ўкраінскія экстрэмісты" аказаліся не менш спрытнымі і незаўважнымі, чым расійскія баевікі?

"Польскія баевікі "з вопытам ва Украіне" — польскі палітолаг

13 верасня ў эфіры тэлеканала СТВ з'яўляецца Матэвуш Піскорскі, якога прадстаўляюць як польскага палітыка і палітолага. У перадачы "Неделя" ён як эксперт выказаўся з нагоды "знешняга паходжання пратэстаў у Беларусі". 

“Былі пэўныя выпадкі таго, што ў Мінск адпраўляліся баевікі — тыя, у каго быў пэўны вопыт, грамадзяне Польшчы, у якіх быў пэўны вопыт (у тым ліку і на ўсходзе Украіны, у баявых дзеяннях). Яны былі, дарэчы, звязаныя з рознымі неанацысцкімі групоўкамі і ў Польшчы, і ва Украіне (напрыклад, з батальёнам "Азоў" украінскім)", — экспертна заявіў Піскорскі. 

Матэвуш Піскорскі — асоба неадназначная. У траўні 2016 года ён быў затрыманы Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з расійскай разведкай у дзейнасці, скіраванай супраць Польскай Рэспублікі, у прасоўванні інтарэсаў Расіі і маніпуляванні настроямі польскага грамадства. Толькі летась Піскорскага выпусцілі пад заклад.

Пра бэкграўнд свайго польскага эксперта вядучыя СТВ, вядома, нічога не сказалі.  

"5000 бандэраўскіх нацыстаў — "Тэлескоп"

Далей за ўсіх у падліках зайшоў публіцыст прарасійскага партала "Тэлескоп" пад псеўданімам Панцеляймон Філіповіч

"Хай з затрымкай і ў абмежаваным аб'ёме, але з'яўляюцца наглядныя сведчанні "мірных" баёў баевікоў (а толькі з Украіны ў Беларусь было закінута каля 5000 падрыхтаваных бандэраўскіх нацыстаў) з беларускім АМАПам", — напісаў ён.

5000 — дык 5000, такія дробязі.

Якім чынам 5000 падрыхтаваных бандэраўскіх нацыстаў былі закінутыя ў Беларусь, а галоўнае — дзе яны хаваюцца цяпер, ананімны публіцыст вырашыў не ўдакладняць. 

"Польскія і прыбалтыйскія атрады байцоў" — расійскі спец па "майданных тэхналогіях"

Яшчэ адзін спікер з беларускага ТБ — расійскі "палітолаг, публіцыст і палітычны кансультант Дзмітрый Кулікоў" — расказаў  у "Галоўным эфіры" на тэлеканале "Беларусь 1" пра байцоў з Польшчы і Прыбалтыкі, якія адточвалі баявыя навыкі на паўднёвым усходзе Украіны:

От 200 до 5000: сколько иностранных боевиков прячется в лесах Беларуси

"Хачу нагадаць, што польскія атрады байцоў трэніраваліся на Данбасе, вельмі падрабязна. І прыбалтыйскія таксама. Сцэнар мусіў быць такі ж, як на [простая мова Кулікова захаваная. — Еўрарадыё] Украіне. Ну там з нязначнымі асаблівасцямі. Хацелі зрабіць гэта імкліва, таму што патрэбная была стратэгія бліцкрыгу".

 

Дзе гэтыя атрады і колькі ў іх байцоў, Кулікоў удакладняць не стаў.

64 "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" — МУС

14 верасня МУС заявіла пра затрыманне шасцярых удзельнікаў атрада, які трэніраваўся ў лесе ў ваколіцах Магілёва.

От 200 до 5000: сколько иностранных боевиков прячется в лесах Беларуси

"ГУБАЗіК МУС спыненая супрацьпраўная дзейнасць "ляснога" атрада. Лідар названай групы ў сацыяльных сетках стварыў суполку "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва", куды ўваходзілі 64 карыстальнікі. 

Папярэдне ўстаноўлена, што ўдзельнікі групы збіраліся ў закінутым памяшканні ў лесе пад Магілёвам. Там яны трэніраваліся: адпрацоўвалі практычныя навыкі тактыкі вядзення вулічных баёў, захопу памяшканняў, штурмавога альпінізму і вядзення баявых дзеянняў у лесе", — напісала прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Атрымліваецца, 58 з 64 карыстальнікаў суполкі застаюцца на волі. Праўда, ёсць пэўныя сумневы ў іх баявых якасцях. З расследавання Еўрарадыё можна зрабіць выснову, што "ПАРТЫЗАНЫ Магілёва" — фанаты страйкбола, мілітары і моладзевай субкультуры "715".

Разам:

Калі верыць усім крыніцам, дзесьці ў Беларусі займаюцца сваімі дыверсійнымі справамі не менш за 5458 (5000 + 200 + 200 + 58) баевікоў.

Будзьце асцярожныя, беражыце сябе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі