Алега Корбана змусілі звольніцца з працы
Лідар грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" працаваў інспектарам службы аховы ў лагістычнай кампаніі "Тут і Там лагістыкс".
У каментары Еўрарадыё Алег Корбан паведаміў, што напісаў заяву на звальненне пад ціскам свайго кіраўніцтва:
Корбан: "У панядзелак прыйшоў я на працу і адразу трапіў да кіраўніка службы аховы, які правёў са мной размову. Ён сказаў, што я не магу больш у іх працаваць пасля таго, як я прабыў 10 сутак на Акрэсціна. Што гэта супярэчыць правілам унутранага распарадку і пэўным законам аб ахоўнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. І такім чынам, мне прапанаваў напісаць заяву пра звальненне па ўласным жаданні".
Корбана 2 ліпеня затрымалі ў яго дома і 4 ліпеня асудзілі на 10 сутак — нібыта за дробнае хуліганства. Сам актывіст называе затрыманне прэвентыўным — напярэдадні Дня Незалежнасці 3 ліпеня.
Ці будзе актывіст уладкоўвацца на наступную працу, пакуль не ведае. Корбан кажа, што скарыстаецца летам, каб адпачыць, а наконт працы будзе думаць увосень.
Фота — svaboda.org