Аляксандр Фядута на судзе часткова прызнаў віну ў змове з мэтай захопу ўлады
Сталі вядомыя падрабязнасці першага дня суда па "справе аб захопе ўлады".
Да абеду ў судзе зачыталі абвінавачанне Юрасю Зяньковічу, пасля абеду — Аляксандру Фядуту. Паводле звестак БЕЛТА, Фядута прызнаў сваю віну: "Віну ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам я прызнаю". Пры гэтым ён не пагадзіўся з матывамі, якія агучыла абвінавачанне.
"Спутник" удакладняе, што Фядута прызнаў віну часткова.
Як распавядала Еўрарадыё, судовы працэс зрабілі адкрытым, хаця спярша яго планавалася правесці ў закрытым рэжыме. Рашэнне было прынятае праз хадайніцтва Фядуты. "Гэта магчыма па наступных прычынах: матэрыялы крымінальнай справы не маюць звестак пра дзяржаўную ці іншую падахоўную законам таямніцу. Адзінае, што, на мой погляд, не падлягае агалошванню, — звесткі пра стан здароўя", — заявіў вязень.
Па "справе аб захопе ўлады" судзяць юрыста Юрася Зяньковіча, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту, а таксама Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука. Усе яны правялі за кратамі ўжо больш за год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.