Аляксей Бага: лепей бы пацанам і надалей гуляць пад гэтым гімнам за Беларусь
Былы трэнер футбольнага клуба БАТЭ Аляксей Бага на мітынгі супраць інтэграцыі з Расіяй не ходзіць, але пра іх ведае. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю MelkazeRaw.
"Натуральна, не наведваю. Па праўдзе сказаць, не ўнікаю ў тое, што адбываецца, стараюся трымацца далей ад нейкіх масавых стоўпатварэнняў, як фізічна, так і галавой, не хачу залазіць у нейкія нетры, хто за каго. Плюс хапае клопатаў дома, у мяне трое дзяцей, жонка, свой мітынг кожны дзень дома, таму дома весялей", — патлумачыў Бага.
Нагадаем, што мітынгі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі адбываюцца ў Мінску на працягу ўсяго снежня. Хаця акцыі не санкцыянаваныя, міліцыя іх не разганяе.
Трэнер не думае, што яго меркаванне наконт інтэграцыі з Расіяй на нешта паўплывае, таму адказаць на такое пытанне не гатовы. "Нейкім чынам, цікава за ўсім гэтым сачыць, але каб адказваць на такое пытанне, трэба валодаць сітуацыяй глыбей і мець больш кропак судакранання", — заявіў ён.
Журналіст нагадаў, што Бага быў капітанам моладзевай зборнай: "Ты як да гэтага ставіўся? Як да функцыі? Ці цябе гэта неяк кранала: гімн, герб".
Бага прызнаўся, што гульні за зборную краіны (нават за моладзевую) былі для яго вельмі кранальнымі: "Пацаны з'язджаюцца з усёй Беларусі, з розных гарадоў. І майка, і само знаходжанне ў зборнай — гэта было супер. Гэта было пачуццёва. І павязка, і герб, і гімн — ты ўсё адно адчуваеш, што ўяўляеш ўсю краіну".
Згадваючы свае выступы за зборную, футбаліст прыйшоў да адназначнай высновы: "Скажу, што было б лепш пацанам і далей працягваць гуляць пад гімнам, пад гэтай майкай, з капітанскай павязкай за Беларусь".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.