Апазіцыя стварыла групу па праверцы подпісаў за Таццяну Караткевіч
У яе ўвайшлі 15 чалавек, а каардынатарам групы абраны прадстаўнік руху "За Свабоду" Юрась Меляшкевіч.
Прадстаўнікі апазіцыі стварылі грамадскую групу па праверцы подпісаў, сабраных за вылучэнне Таццяны Караткевіч кандыдаткай у прэзідэнты.
Склад групы зацверджаны 26 жніўня. У пасяджэнні прынялі ўдзел першы намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец і прадстаўнік кампаніі "Наш дом" Валерый Шчукін. Агулам у групу ўвайшлі 15 сяброў гэтых арганізацый, а каардынатарам групы абралі прадстаўніка руху "За Свабоду" Юрася Меляшкевіча.
На пасяджэнні таксама была зацверджаная методыка праверкі подпісаў. Група мяркуе правяраць, ці не падробленыя подпісы ў групе Караткевіч і выбарачна тэлефанаваць асобам, упісаным у падпісныя лісты.
У каментары агенцтву БелаПАН Юрась Губарэвіч паведаміў, што напярэдадні, 25 жніўня, яны папярэдзілі пра пасяджэнне Андрэя Дзмітрыева, кіраўніка штаба Караткевіч. Аднак ні ён сам, ні яго прадстаўнік на пасяджэнні не прыйшлі.
Цяпер група плануе наладзіць кантакт са штабам Таццяны Караткевіч для таго, каб атрымаць доступ да копіяў падпісных лістоў.
Дарэчы, сама Караткевіч у каментары БелаПАН 26 жніўня заявіла, што не супраць даць на праверку подпісы, сабраныя ў яе падтрымку. Але яна лічыць, што цяпер яе камандзе лепш сканцэнтравацца на выбарчай кампаніі.
Будзе скандал? Чым скончыцца праверка подпісаў Караткевіч апазіцыяй