Батальён "Тэрор" — пра сілавы сцэнар для Беларусі, дэмсілы і баявыя поспехі

Шаўрон беларускага добраахвотніцкага батальёна "Тэрор", які ваюе ва Украіне / Еўрарадыё
Шаўрон беларускага добраахвотніцкага батальёна "Тэрор", які ваюе ва Украіне / Еўрарадыё

Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніцтвам беларускага добраахвотніцкага батальёна "Тэрор". Камандаванне падраздзялення выказалася пра дзеянні Пераходнага кабінета і дапамогу атраду ад дэмакратычных сіл, пра сілавы сцэнар для Беларусі, пра немагчымасць уз'яднання з палком Каліноўскага і пра шмат што іншае.

На нашы пытанні заснавальнік і прадстаўнік каманднага складу батальёна адказваў ноччу, калі вяртаўся з чарговай задачы.
 

Батальён не гуляе ў палітыку

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Тэрораўцы вядуць агонь з мінамёта / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Якой ідэалогіі прытрымліваецца батальён "Тэрор"?

"Тэрор": Наш батальён сфармаваны з добраахвотнікаў, людзей, якія прыйшлі на вайну па позве сумлення. Усе мы ўжо сфармаваныя ідэалагічна асобы з рознымі палітычнымі поглядамі, часта нацыяналістычнымі. Але ўсе мы аб'яднаныя ідэяй вызвалення Украіны, а потым на гэтым плацдарме і нашай радзімы — Беларусі.

Еўрарадыё: Якой беларускай палітычнай сіле сімпатызуе батальён?

"Тэрор": Батальён "Тэрор" — гэта баявое падраздзяленне, і ён не гуляе ў палітыку. Мы не палітычны праект. Таму кожны баец мае права на ўласныя палітычныя погляды, але яны застаюцца пры ім, і ён іх не выказвае ад асобы батальёна. Для таго каб не палітызаваць баявое братэрства і каб не ўчыняць нейкіх унутраных маніфестаў, мітынгаў, якія абсалютна не патрэбныя і нават шкодныя ў ваенны час.

Еўрарадыё: Што кіраўніцтва і байцы "Тэрору" думаюць пра цяперашнія дзеянні Пераходнага кабінета?

"Тэрор": Камандаванне батальёна і байцы не маюць часу для таго, каб сачыць за Кабінетам Ціханоўскай. Таму не ведаюць, куды, навошта і як у іх там што рухаецца. Тое самае можам сказаць пра дзейнасць Сахашчыка.

Еўрарадыё: Чаго тэрораўцы чакаюць ад беларускіх палітычных сіл?

"Тэрор": Батальён "Тэрор" не чакае ніякіх дзеянняў ад так званых палітычных сіл. Мы самі людзі дзеяння і здольныя браць адказнасць за свае лёсы і лёс сваёй нацыі.

Еўрарадыё: Можа быць, беларускія палітыкі ўжо чымсьці дапамаглі вам?

"Тэрор": Нам дапамагаюць не палітычныя сілы, а беларусы. Таксама варта адзначыць, што нам нават больш, чым беларусы, дапамагаюць украінцы. Мы не пытаемся, якіх палітычных поглядаў яны прытрымліваюцца. Асноўная ідэя, якая намі рухае, гэта вызваленне Украіны і Беларусі ад постсавецкага чалавеканенавісніцкага монстра ў асобе Расіі.
 

Перадзел улады паміж дабрабатамі — плёткі

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Баец "Тэрору" / Еўрарадыё

Еўрарадыё: чаму "Тэрор" аддзяліўся ад палка Каліноўскага? У чым прычына рознагалоссяў?

"Тэрор": У ваенны час будзе зусім недарэчна абмяркоўваць нейкія магчымыя міжасобасныя рознагалоссі. Камандаванне вывела батальён "Тэрор" у асобнае падраздзяленне для больш эфектыўнага выканання баявых задач.

Еўрарадыё: Ці магчымае ўз'яднанне з палком Каліноўскага?

"Тэрор": Не.

Еўрарадыё: Чаму тэророўцы не пайшлі ў "Пагоню"? Якое стаўленне "Тэрору" да "Пагоні"?

"Тэрор": Вайна — гэта не палітыка. У ёй, на жаль абывацеляў і на шчасце для нас, працуюць прынцыпы адзінаначалля і дакладнай субардынацыі. Таму пытанні пра пераходы, далучэнні альбо нейкія іншыя сацыяльна-палітычныя працэсы перад намі не стаялі. Для нас самым неабходным было захаваць наш баявы калектыў і працягнуць паспяхова выконваць пастаўленыя перад намі задачы. У медыйнай прасторы мы не сочым за дзейнасцю "Пагоні". На фронце мы не перасякаліся, не чулі пра "Пагоню". Таму нейкага меркавання выказаць не можам, не маем права.

Еўрарадыё: Размовы пра перадзел улады сярод беларускіх дабрабатаў — чуткі і плёткі, ці ёсць нешта такое?

"Тэрор": Чуткі і плёткі. Ёсць больш эфектыўныя і менш эфектыўныя падраздзяленні. Ёсць толькі, так бы мовіць, мілітарны дарвінізм. Вайна ўсё расставіць па месцах.
 

Пра баявыя будні

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Тэроравец з расійскімі радыёстанцыямі / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Вы дзейнічаеце як самастойная сіла ці прыкамандаваныя да УСУ?

"Тэрор": У нас ёсць пэўны "крэдыт даверу" ў планаванні і рэалізацыі аперацый. Ва ўзгадненні з найвышэйшым кіраўніцтвам.

Еўрарадыё: Пра якія баявыя поспехі можа расказаць батальён? Ці ёсць трафеі, палонныя?

"Тэрор": Знішчэнне тэхнікі, умацаванняў і асабовага складу праціўніка — гэта наша асноўная праца. Наш паўднёвы кірунак досыць складаны для прасоўвання. Па стэпе даводзіцца ўгрызацца ў кожны метр. Аднак у агульнавайсковых аперацыях мы ўдзельнічаем у авангардзе, штурмуючы новыя вышыні. Так, ужо не сакрэт, што наш батальён заняў стратэгічна важную вышыню, празваную "Макдональдсам". Да нас гэтая вышыня зазнала пяць няўдалых штурмаў.

"Тэрор": Пра трафеі дасведчаныя салдаты звычайна не гавораць. Скажам так, п******ы [лаянка ў дачыненні да войскаў РФ] не абдзяляюць нас трафеямі.

Пра палонных. Нам асабовы склад даводзіцца вазіць па восем-дзесяць байцоў на адным пікапе. Калі ёсць гуманісты сярод вашых чытачоў, хай нас даўкамплектуюць колавай тэхнікай, лепш лёгкабраняванай — будзем вазіць палонных.

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Тэрораўцы ў пікапе / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Чаму дабрабаты ўспрымаюць у штыкі, калі СМІ раней за іх і без іх ведама публікуюць інфармацыю пра загінулых на вайне беларусаў?

"Тэрор": Калі падраздзяленне апублікавала інфармацыю, значыць, таямніцы няма. Калі няма афіцыйнага каментара пра гібель, значыць, праводзяцца дзеянні, якім патрэбна цішыня: эвакуацыя, абмены і гэтак далей. Таксама не варта забываць, што ў большасці добраахвотнікаў сваякі ў патэнцыйных закладніках рэжыму.

Публікуючы звесткі добраахвотніка, вы даяце аператыўную інфармацыю чэкістам. Пачынаюцца рэпрэсіі сем'яў і сем'яў сяброў, калі раптам сяброў таксама няма ў краіне. Акрамя таго што журналісты такімі дзеяннямі ламаюць лёсы бацькоў, жонак і дзяцей добраахвотнікаў, яны нажываюць сабе кроўных ворагаў.

Прыпадабняючыся чэкісцкім у***ам накшталт [журналіста аднаго з недзяржаўных беларускамоўных СМІ], журналісты свядома ці па слабасці розуму працуюць на рэжым, публікуючы "інсайды" пра асабовы склад беларускіх добраахвотнікаў.
 

Патрэбныя парамедыкі і антыдронныя гарматы

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Шлем тэрораўца ў крыві / Еўрарадыё

Еўрарадыё: У кім цяпер мае патрэбу батальён?

"Тэрор": У вайсковых спецыялістах: парамедыках, інжынерах, механіках-кіроўцах. У беларусах, матываваных змагацца з маскоўскім рэжымам да перамогі.

Еўрарадыё: Якія ў батальёна цяпер ёсць праблемы?

"Тэрор": Заўсёды ёсць тое, чым хацелася б даўкамплектавацца для больш эфектыўнага выканання баявых задач: транспарт, прыборы начнога бачання, экіпіроўка, элементы мадэрнізацыі стралковай зброі і іншае тэхаснашчэнне. Напрыклад, антыдронныя гарматы.

Еўрарадыё: Уступіў у батальён — выйсці нельга, ты там да перамогі?

"Тэрор": Уступіць у батальён у разы складаней, чым выйсці з яго. Нікому не патрэбныя байцы, якія не жадаюць знаходзіцца ў батальёне. Падрабязнасці кантрактнай службы выдаюцца ўжо пасля поўнага праходжання верыфікацыі. Скажу так, ніхто не хавае ад рэкрутаў, што іх чакае. Заўсёды ёсць выбар. Добраахвотнік можа пакінуць падраздзяленне і скасаваць кантракт у любы дзень.

Еўрарадыё: Ці ёсць сярод тэрораўцаў былыя кадравыя беларускія вайскоўцы, афіцэры?

"Тэрор": Так, ёсць.

Еўрарадыё: Каго вы не возьмеце да сябе ні пры якіх умовах?

"Тэрор": Тых, хто не пройдзе ўсіх неабходных для ўступлення праверак.

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Рэдкая хвіліна адпачынку / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Колькі ідзе часу на падрыхтоўку новага байца, каб ён быў гатовы да баявых дзеянняў?

"Тэрор": Ад двух тыдняў зладжвання да таго, колькі спатрэбіцца. Усё залежыць ад досведу, жадання і навучальнасці. Інструктары ў нас украінцы, замежнікі і беларусы. Спецыялістаў досыць як у цэнтрах навучання, так і ў групах, якія выконваюць непасрэдна баявыя задачы.

Еўрарадыё: Ці мае кіраўніцтва "Тэрору" адпаведныя ўзроўню і штату падраздзялення навыкі?

"Тэрор": Камандаванне падвышае не толькі баявы досвед, але і досвед кіравання даручаным асабовым складам. Ёсць афіцэры з неабходным досведам камандавання.
 

"Баяздольнаму насельніцтву неабходна пакідаць тэрыторыю Беларусі"

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах
Красавіцкае фота аднаго з байцоў / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Цяперашняй агульнай колькасці беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў яўна не хопіць для таго, каб можна было гаварыць пра пачатак сілавога сцэнара ў Беларусі.

"Тэрор": Мы ваюем са спадчыннікам саўка, РФ і яе калабарантамі. Патэнцыйна, нават калі ўсе беларусы ўступяць у дабрабаты, гэтага не хопіць, каб знішчыць пуцінскую арду адным. Толькі вызваліўшы Украіну, мы зможам супольна з украінскімі добраахвотнікамі вызваліць Беларусь. Толькі вызваліўшы Беларусь, Украіна будзе мець хаўрусніка, з якім нашы краіны змогуць разам даваць адпор маскалям на подступах.

Баяздольнаму насельніцтву неабходна пакідаць тэрыторыю Беларусі і рабіць усё для знішчэння пуцінскага рэжыму. Прыклад так званых "Л/ДНР" паказаў стаўленне да заняволенага, чужога захопнікам насельніцтва. Усіх з іх, каго можна мабілізаваць, адпраўляюць на лініі загароды перад рэгулярным войскам Расіі. Назад з фронту дарогі ў іх не будзе. Гэта расплата за здраду інтарэсам сваёй нацыі.

Еўрарадыё: А што наконт плана "Перамога"? Ён рабочы ці не?

"Тэрор": Асабіста маё меркаванне — не. Я называю яго "план-перапіс".

Еўрарадыё: Як пераканаць вайскоўцаў у Беларусі не ўступаць у вайну з Украінай?

"Тэрор": Усе, у каго ёсць крытычнае мысленне, ужо пераканаліся, што ваяваць за інтарэсы РФ смерці падобна. Астатнія патэнцыйныя страты сабак рэжыму — натуральнае ачышчэнне нашай грамадзянскай супольнасці ад савецкіх рэліктаў.

Наш батальён носіць сваю назву ў гонар Дзмітрыя "Тэрора" Апанасовіча. Нашага брата, які аддаў сваё жыццё ў баі з ардынцамі пад Кіевам. Назва сімвалічная яшчэ і тым, што перасякаецца з дэвізам падраздзялення: "Шляхце гонар — рабам жах!". Жах на лаціне і ёсць тэрор. Жах, які мы ўсяляем у рабоў — самага галоўнага ворага беларускай нацыі. Усіх жа годных чакаем у шэрагах "Тэрору", здабываць гонар.

Батальон “Террор” — о силовом сценарии для Беларуси, демсилах и боевых успехах

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі