Байдэн сказаў, што трэба рабіць, "каб стрымаць магчымых агрэсараў у будучыні"
Джо Байдэн выступае ў Генасамблеі ААН, 19 верасня 2023-га
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сваім выступе на 78-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку заклікаў супрацьстаяць расійскай агрэсіі супраць Украіны і ўсклаў адказнасць за вайну на РФ.
"Толькі Расія здольная неадкладна скончыць яе, і толькі Расія стаіць на шляху да міру. Таму што цана, якую Расія хоча за гэты мір — капітуляцыя Украіны, украінскія тэрыторыі і дзеці, — гаварыў Байдэн. — Расія верыць, што свет стоміцца і дазволіць ёй жорстка абыходзіцца з Украінай бесперашкодна. Але я пытаюся ў вас вось пра што: калі мы адмовімся ад асноўных прынцыпаў Статута ААН, каб улагодзіць агрэсара, ці можа якая-небудзь дзяржава-член адчуваць упэўненасць у тым, што яна абароненая? Калі мы дазволім раздзяліць Украіну, ці будзе забяспечана незалежнасць любой з краін? Адказ — не! Мы павінны пярэчыць гэтай прамой агрэсіі цяпер, каб стрымаць магчымых агрэсараў у будучыні".
Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі падтрымка Украіны — гэта інвестыцыя не толькі ў яе будучыню, але і ў будучыню кожнай краіны, якая шануе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.