Беларусам прапануюць адпачыць у акупаваным Крыме. Ці варта рызыкаваць?
Супрацоўнікам Магілёўскага мясакамбіната прапануюць набыць пуцёўку ў санаторый “Беларусія” ў Ялце. Паехаць на адпачынак у акупаваны Крым можна ўжо ў красавіку. Пра аб’яву ў сталовай камбіната Еўрарадыё паведаміў слухач.
Далучэнне Крыма да Расіі ў 2014 годзе міжнародная супольнасць прызнала акупацыяй. Беларусь афіцыйна не прызнае Крым часткай Расіі. Украінскія ўлады неаднаразова папярэджвалі, што за супрацоўніцтва з акупаванай тэрыторыяй будуць уводзіцца санкцыі, а за наведванне Крыма пагражае забарона на ўезд ва Украіну.
Еўрарадыё разбіраецца, ці папярэджваюць жыхароў Магілёва пра спіс неўязных, колькі каштуе адпачынак у Крыме і ці варта людзям рызыкаваць.
“Хто хоча, той і едзе. Калі не, дык не”
На Магілёўскім мясакамбінаце пацвярджаюць, што працаўнікі могуць набыць пуцёўку ў санаторый “Беларусія”. На прадпрыемстве кажуць, што такія паездкі — асабістая справа чалавека.
“Вісіць аб’ява, што можна паехаць у красавіку, — распавёў Еўрарадыё намеснік дырэктара па ідэалагічнай, кадравай працы і быце Магілёўскага мясакамбіната Юрый Масюк. — Хто хоча, той і едзе. Калі не, дык не. Да нас гэтыя пуцёўкі з абласнога ўпраўлення аздараўлення прыходзяць”.
Колькі каштуе пуцёўка для рабочага і ці ёсць жадаючыя паехаць, на камбінаце не адказалі.
“Спачатку беларусы баяліся ехаць”
Санаторый “Беларусія” — гэта дзяржаўная медыцынская ўстанова, якая належыць упраўленню справамі кіраўніка Беларусі. Пуцёўкі туды распаўсюджваюцца праз дзяржаўнага турыстычнага аператара. У санаторыі Еўрарадыё кажуць, што за апошнія пяць гадоў колькасць беларускіх турыстаў павялічылася.
Каб не трапіць у спіс неўязных ва Украіну, у “Беларусіі” турыстам параілі не публікаваць фатаграфіі з адпачынку ў сацыяльных сетках.
“У асноўным мы працуем з Беларуссю, — распавялі Еўрарадыё ў аддзеле браніравання санаторыя. — З Рэспубліканскага цэнтра выдаюцца пуцёўкі. На сённяшні дзень [25 сакавіка. — Еўрарадыё] у санаторыі адпачываюць 304 чалавекі, і большасць іх з Беларусі. Спачатку таксама баяліся ехаць, але калі вы ведаеце, што з-за фота ў сацсетках могуць быць праблемы, дык не рабіце гэтага. Няхай у вас будуць асабістыя фатаграфіі”.
2,5 тысячы долараў за дзесяць дзён на сям’ю з чатырох чалавек. І гэта без уліку дарогі
Адпачынак у санаторыі каштуе нятанна. Нумар на сям’ю з чатырох чалавек абыдзецца крыху больш за 157 тысяч расійскіх рублёў за дзесяць дзён (амаль 2,5 тысячы долараў). У гэтую суму ўваходзіць харчаванне і працэдуры па аздараўленні.
Перавозчык “БелЭкспрэс” прапануе праезд да санаторыя на аўтобусе. Дарога займае 36 гадзін. Адпраўленне з розных беларускіх гарадоў.
“Аўтобусы ідуць з Мінска, Бабруйска, Жлобіна і Гомеля, — распавялі Еўрарадыё ў пасажырскай кампаніі. — З Мінска білет да санаторыя ў адзін бок для дарослага каштуе 178 беларускіх рублёў. Дзіцячы (да 12 гадоў) — 124. Дарога складае прыблізна 36 гадзін. Паедзеце па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі: праз Бранск, Арол, Варонеж, Растоў, Краснадар. Далей праз Керчынскі мост у Крым”.
У Крым дабрацца можна і самалётам праз Маскву, але так выйдзе нашмат даражэй.
“Беларусы едуць у Крым за паўднёвым паветрам”
У Магілёскім абласным упраўленні рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санітарна-курортнага лячэння насельніцтва Еўрарадыё паведамілі, што людзей папярэджваюць пра магчымыя наступствы адпачынку ў Крыме.
“Людзі папярэджаныя, інфармацыя даступная, — распавяла Еўрарадыё намесніца начальніка Магілёскага абласнога ўпраўлення аздараўлення і санітарна-курортнага лячэння насельніцтва Алена Бяляй. — З Магілёва ходзіць трансфер, каб зручней дабірацца. Быў перапынак у паездках у 2014-2015 гадах, калі не было транспартнага злучэння. Калі людзям трэба лячыцца, калі неабходнае паўднёвае паветра, дык людзі едуць. Едуць і ў снежні, і ў студзені, таму што трэба”.