Як ідэолагі прымушаюць медыкаў праяўляць "народную любоў"
Студэнты Віцебскага медуніверсітэта таксама "дэманструюць падтрымку"
Гвалт, пагрозы і ўгаворы — усё гэта выкарыстоўваюць ідэолагі, каб прымушаць медыкаў і студэнтаў медыцынскіх ВНУ праяўляць "народную любоў" да Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі. Пра такія выпадкі паведамляе група "Белые халаты".
"Адным з дзейсных рычагоў з'яўляюцца пагрозы "разгледзець, на якіх умовах жывяце ў інтэрнатах", калі не паставіце подпіс. Гэта тычыцца як студэнцкіх, так і сямейных інтэрнатаў. Як правіла, подпісы збіраюць наступным чынам: на ўваходзе ў інтэрнат стаяць ідэолагі, якія патрабуюць ад усіх жыхароў прайсці ў адзін з кабінетаў і паставіць подпіс за "правільнага кандыдата", — расказваюць у суполцы.
У адной з бальніц Мінска, паводле інфармацыі "Белых халатаў", начальнік медыцынскай часткі распарадзіўся, каб 90% супрацоўнікаў пакінулі подпіс у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Тых, хто адмаўляецца, выклікаюць на "размову" у ідэолага, дзе таксама ў ход ідуць розныя пагрозы.
Сярод студэнтаў медуніверсітэтаў подпісы збіраюць проста ў будынках устаноў. Акрамя таго, спісы звяраюць літаральна "па пашпартах".
"У бальніцах і паліклініках супрацоўнікам прыходзіць рассылка: "Прыходзім заўтра з пашпартамі, будзем ставіць подпісы за Лукашэнку". Былі прэцэдэнты, калі за "аўтографамі" прыходзілі ў кабінеты лекараў без сарамлівасці, проста падчас прыёму пацыента", — пішуць "Белые халаты".
Паводле інфармацыі Еўрарадыё, падобныя метады выкарыстоўваюцца не толькі ў медыцынскіх, але і педагагічных ВНУ. Студэнтаў загадзя папярэджваюць, каб прыходзілі з пашпартамі, і пагражаюць наступствамі ў выпадку адмовы пакінуць "аўтограф" — напрыклад, пазбавіць інтэрната.
Прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі 26 студзеня. Зараз ідзе этап збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Ужо да гэтага этапу не дапусцілі нікога неправеранага, працуюць ініцыятыўныя групы лаяльных да Лукашэнкі Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Сяргея Сыранкова і экс-дэпутаткі Ганны Канапацкай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.