Беларускі, занятыя ў самых запатрабаваных прафесіях, ― фотапартрэты
Паводле Белстата, найбольш распаўсюджаныя прафесіі, у якіх занятыя сучасныя беларускі: медсястра, прадавачка, настаўніца, бухгалтарка, швачка, інжынер, жывёлавод, вахцёр, прыбіральшчыца, супрацоўніца банка. І вось, абапіраючыся на дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, напярэдадні 8 сакавіка мы пагутарылі з жанчынамі пра выбар справы жыцця: наколькі ён супаў з тым, пра што марылася ў дзяцінстве і юнацтве.
Святлана, 40 гадоў, медсястра паліклінікі №16. Зарабляе 600 рублёў:
"Увогуле, я фельчар па адукацыі, працавала на хуткай, але потым нарадзіліся дзеці, пачалася школа, таму сышла ў паліклініку. Хаця на хуткай мне вельмі падабалася, бо таму зусім іншая атмасфера. У дзяцінстве я марыла стаць крыміналістам, але ў той год, калі сабралася паступаць у акадэмію пасля медвучылішча, дзяўчат перасталі набіраць на гэтую спецыяльнасць. Чаму медыцына? У мяне шмат сваякоў-медыкаў, таму неяк само сабой вырашылася, што і я пайду гэтым шляхам”.
Карына Васілевіч, 23 гады, швачка на прадпрыемстве Mark Formelle. Зарабляе 500 рублёў:
“Пакуль вучылася ў вучылішчы, два гады вывучала цырульніцкую справу, год ― шыццё. У выніку адпрацоўку можна было прайсці толькі ў якасці швачкі, так і засталася ў гэтай прафесіі. Тут мне вельмі падабаецца працаваць. У дзяцінстве хацела стаць міліцыянерам, бо мела не вельмі прыемную сітуацыю і хацела справядлівасці. А не пайшла ў міліцыю з-за здароўя. Пазней я атрымала яшчэ сярэднеспецыяльную юрыдычную адукацыю, таму, магчыма, калі-небудзь кіну шыць і ўладкуюся ў які-небудзь аддзел кадраў. Бо шыць — гэта цяжкая праца, 12 гадзін сядзець… З іншага боку, гэта лепш, чым бегаць”.
Алена, выкладчык садова-паркавага будаўніцтва ў ліцэі №5 транспартнага будаўніцтва, 27гадоў. Зарабляе 500 рублёў:
“Сама я скончыла гэты ж ліцэй па гэтай жа спецыяльнасці. Потым вучылася ў гродзенскім аграрным універсітэце і вярнулася сюды працаваць. Не адразу, але з цягам часу кветкаводства і фларыстыка стала маім прызваннем. Бо спачатку я не планавала станавіцца фларыстам, тым больш выкладчыкам. Хацела быць выхавацелькай. Але фларыстыка зацягнула”.
Яўгенія, 27 гадоў, галоўны спецыяліст у МТБанку. Зарабляе 850 рублёў:
"Я не працую з кліентамі — гэта самы вялікі плюс, бо праца з людзьмі патрабуе вельмі шмат маральных высілкаў. Працую з лічбамі, справаздачамі, паперамі. Гэта супакойвае. Месцамі гэта нудна, але ў цэлым мне падабаецца, гэта пасуе майму характару. Увогуле, я хацела падаць дакументы на міжнародныя адносіны, але ў той час у іх быў абед, вялікая чарга, мы з мамай прайшліся па факультэтах, даведаліся пра прафесіі, і атрымалася, што на факультэце “Фінансава-банкаўская справа” ёсць паглыбленае вывучэнне адной мовы (а я хацела вывучаць дзве). Не шкадую, што абрала гэтую спецыяльнасць. Пасля практыкі на заводзе зразумела, што бухгалтар ці эканаміст на прадпрыемстве — не маё, таму шукала месца ў банку. Калі паступала, задача была — не выбраць тое, што мне падабаецца, а паступіць. У дзяцінстве марыла стаць шмат кім. Спачатку, наглядзеўшыся фільмаў і серыялаў кшталту “Камісар Рэкс”, — міліцыянерам. Пазней доктарам, як мой дзядуля-стаматолаг. Але пабаялася, што доктар — гэта вельмі адказна. Бацькі не маглі мне дапамагчы ў выбары прафесіі, бо самі не ведалі, што хаваецца за кожнай спецыяльнасцю. Але ёсць людзі, якія не могуць жыць без гэтай асаблівай банкаўскай атмасферы. Ёсць і тыя, хто ў трэцім пакаленні абраў банкаўскую справу”.
Алена Віктараўна, вахцёр на прахадной, 45 гадоў. Зарабляе 300 рублёў:
“Я даўно працую ў гэтай сферы. Праца мне падабаецца адказнасцю і дысцыплінай. Ды і тут праходзіць столькі людзей, машыны, паесці не паспяваеш! Не сумна. Кіпіць жыццё, моладзь, усе прыгожыя. Час хутка прабягае. Увогуле, я скончыла паліграфічнае вучылішча, крыху працавала па спецыяльнасці, але так склалася жыццё, што пабудаваліся ў вёсцы, пераехалі, і патрэбная была іншая праца. У маладосці хацела быць настаўніцай, люблю дзяцей, гэта маё. Хацела, каб дачка пайшла ў настаўніцы, але яна збіраецца стаць медыкам”.
Вольга, 40 гадоў, галоўны бухгалтар у прыватнай фірме. Атрымлівае заробак, вышэйшы за сярэдні па Беларусі:
“У прафесію прыйшла выпадкова: скончыла міжнародныя эканамічныя адносіны. Па спецыяльнасці працу не знайшла, прапанавалі працаваць проста бухгалтарам, касірам. Усё атрымлівалася. Таму прапанавалі пасаду галоўнага бухгалтара, і вось ужо дзесяць гадоў я тут. У дзяцінстве марыла быць настаўніцай, але гэтае жаданне хутка прайшло. Хацелася прафесію больш творчую, але атрымалася як атрымалася, таму я займаюся творчасцю па меры магчымасці ў бухгалтэрыі. Сама прафесія патрабуе руплівасці, уседлівасці, а гэта ўсё ж больш жаночыя рысы характару. Я адчуваю сябе камфортна ў сваёй прафесіі ды і прыбытак мяне вельмі задавальняе”.
Алена, 38 гадоў, супрацоўніца камунальнай службы квартала “Зялёны бор” . Зарабляе каля 500 рублёў.
“Вучылася на харэографа, 18 гадоў адтанцавала. Дзіцяці было каля трох гадоў, былі цяжкія часы, я выйшла з дэкрэту і давялося працаваць прыбіральшчыкам. Зацягнула. Хочацца зрабіць свет чысцейшым, каб было усім добра ад нашай працы, каб быў бачны вынік, каб усе жылі ў чысціні і каб у людзей была такая чыстая душа, як наша краіна”.
Таццяна Віктараўна, 60 гадоў, інжынер у праектнай канторы. Зарабляе каля 1000 рублёў:
“Мая спецыяльнасць называецца “Цеплазабяспечанне, ацяпленне і вентыляцыя”. Ёю я займаюся з 1979 года, ужо 38 гадоў. Патрапіла ў прафесію выпадкова: думала ісці ў будоўлю, але бацькі былі супраць, хацелі, каб я ішла на эканоміку і абралі нешта “пасярэдзіне”. Праца мая мне падабаецца, ды і змяняць яе асабліва не было на што. Так пасля інстытута і працую. А марыла… Я думала, што перакладчыкам буду, мне і геаграфія падабалася. Але ў выніку ўсе гэтыя шляхі вялі ў школу, а ў школу, бацькі казалі, “толькі праз іх труп”. Маці-настаўніца, адпрацаваўшы там 33 гады, казала: “Ты туды не пойдзеш”. Я і не пайшла. Пра што не шкадую”.
Таццяна Антонаўна, 54 гады, прадавец агародніны на Камароўскім рынку. Зарабляе каля 400 рублёў:
"Не ведаю, чаму абрала гэтую прафесію. Відаць, з-за стасункаў з людзьмі ― гэта цікава. Дзень мінае хутка. Ды і ўвогуле, праца добрая. Я па спецыяльнасці прадавец гаспадарчых тавараў і ўсё жыццё працую ў сферы гандлю. У дзяцінстве пясок узважвала, памятаю ― працавала прадаўцом нават у дзяцінстве".
Алена, 34 гады, жывёлавод у сельскай гаспадарцы “Гастэлаўскае”. Зарабляе 600 рублёў:
“Я тут, таму што мне падабаюцца жывёлы. Па спецыяльнасці я повар, жывёлавод, лабарант. Можна было і па-іншаму скласці жыццё, але мне падабаецца тое, што ёсць. Нечага іншага шукаць не хочацца”.