Беларускія этна-танцы прайшлі ў гандлёвым цэнтры ў Гродне
Пляцоўкай для акцыі “Этна-танцы ў Старым горадзе разам з беларусачкамі” стаў гандлёвы цэнтр OldCity. У ролі завадатараў і настаўнікаў для звычайных наведнікаў выступілі ўдзельніцы конкурсу “Гарадзенская беларусачка-2016”, якія прыйшлі ў нацыянальных строях, і фалькларыст Антон Янкоўскі.
“Мы прадставілі калейдаскоп танцаў: Лысы, яблачка, кракавяк, месяц, полька з камандамі і інш., — тлумачыць Янкоўскі. — Некаторыя мы самі знайшлі і занатавалі падчас экспедыцыяў па Гродзеншчыне, у прыватнасці ў Навагрудскім раёне. Іншыя танцы сустракаюцца па ўсёй Беларусі, іх можна лічыць папулярнымі: яны ёсць і на Міншчыне, і на Магілёўшчыне, і тут у нас на захадзе краіны.”
Наведнікі цэнтру на імпрэзу рэагавалі пазітыўна, далучаліся да танцаў, рабілі фота і здымалі відэа на тэлефоны і планшэты.
Самыя актыўныя танцоры атрымалі запрашэнні на дзесяты гарадскі фолк-конкурс “Гарадзенская беларусачка-2016”. Ён пройдзе 23 красавіка ў канцэртнай зале Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.