"Белавія" плануе лётаць з Брэста ў Санкт-Пецярбург і Сочы
В Бресте вчера встречали первый рейс из Москвы
"Белавія" плануе пашырыць геаграфіі палётаў з Брэста, піша БЕЛТА са спасылкай на генеральнага дырэктара авіякампаніі Ігара Чаргінца.
Ідэя "ужо гучыць, але не значыць, што заўтра будзе, праз месяц ці летам. Мы глядзім. Гэта і Піцер, і Сочы, магчыма, нейкія іншыя кірункі",— адзначыў Чаргінец.
Напярэдадні ў Брэсце ўрачыста сустракалі першы борт з Масквы. На першы рэйс было выкуплена 86% квіткоў, адзначылі ў кампаніі. Чаргінец падкрэсліў, што ў кампаніі вельмі асцярожна падыходзяць да планавання маршрутаў. Да прыкладу, самалёты па маршруце Брэст-Масква пакуль будуць лётаць два разы на тыдзень. "Паглядзім, як у нас будзе працаваць, на напаўняльнасць, фінансавы вынік. Затым будзем прымаць рашэнне аб далейшых кроках", — адзначыў гендырэктар авіякампаніі. Ён не выключыў, што колькасць палётаў будзе павялічаная, як гэта адбылося ў Гомелі. Дадамо, што кошт квітка на самалёт ад Брэста да Масквы стартуе ад 45€ ў адзін бок і ад 85 € туды-назад.
"Белавія" пачала нарошчваць палёты ў расійскія гарады пасля прыпынення авіязносін паміж Беларуссю і ЕС. Гэта адбылося праз інцыдэнт з самалётам Ryanair, калі беларускія ўлады прымусілі экіпаж самалёта, які ляцеў транзітам над Беларуссю, пасадзіць борт у Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.