Брату заснавальніка EPAM прысудзілі 6,5 гадоў калоніі
Сямён Добкін
Вынесены прысуд па справе брата заснавальніка EPAM Сямёна Добкіна. Яму прысудзілі 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Пра гэта стала вядома "Нашай Ніве". 76-гадовы Сямён Добкін узначальваў кампанію ГКСБ, якая з'яўляецца найбуйнейшай цеплатэхнічнай кампаніяй на тэрыторыі Беларусі. Разам з ім судзілі яго намесніка Юрыя Жулаева. Абодвух абвінавацілі ў атрыманні хабару. Жулаеву таксама прысудзілі 6,5 гадоў калоніі.
Кампанія ГСКБ выпускае воданагравальныя і паравыя катлы, гарэлкі, утылізатары, блокава-модульныя кацельні і іншае інжынернае абсталяванне для жыллёва-камунальных гаспадарак і будаўніцтва. Абсталяванне кампаніі выкарыстоўваецца на курорце "Сілічы", у Нацыянальнай бібліятэцы і іншых буйных аб'ектах. Брат Сямёна Добкіна — Аркадзь — з'яўляецца заснавальнікам буйной IT-кампаніі EPAM. Аркадзь жыве ў ЗША, і ён не вяртаўся ў Беларусь з таго часу, як Лукашэнка назваў яго "драбкіным" і абвінаваціў у фінансаванні пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.