Бруднае паветра ў Пакістане змушае да перамоў з Індыяй — #ІхНоравы
Пакістан задыхаецца ад смогу
Увага міжнароднай супольнасці сканцэнтраваная на выбарах у ЗША, дзе разгортваецца напружаная барацьба паміж Дональдам Трампам і Камалай Харыс. Вынік настолькі непрадказальны і выклікае такую трывогу, што даводзіцца нават пытаць у тайскіх бегемотаў: а хто пераможа?
Але ў той жа час свет турбуюць і больш прыземленыя праблемы: у Пакістане людзі задыхаюцца ад жахлівага смогу, а Галівуд страціў сапраўднага дыназаўра якаснай музыкі.
Пра гэта чытайце ў нашым аглядзе міжнародных навін.
Пакістан душыць смог
Лахор, другі па велічыні горад Пакістана, у якім жыве 13 млн чалавек, стаў адным з самых забруджаных гарадоў свету. Канцэнтрацыя шкодных часцінак у паветры перавышае норму ў 60 разоў. Гэта рэкорд, праз які склалася надзвычайная сітуацыя.
Горад ахутаў смог. Закрываюцца школы, забаронена ездзіць на рыкшах, бо гэта адкрыты транспартны сродак, офісных супрацоўнікаў адпраўляюць працаваць дома. Улады заклікаюць жыхароў замкнуць дзверы і вокны і не выходзіць вонкі.
Каб скараціць выкіды ў паветра, у горадзе прыпыненае будаўніцтва некаторых раёнаў. Ідзе гаворка нават пра тое, каб закрыць фабрыкі, якія не выконваюць экалагічныя нормы. Відаць, дагэтуль іх унёсак недаацэньваўся, а на парушэнні заплюшчвалі вочы.
Што ж стала прычынай такога экстрэмальнага забруджання паветра? Міністр інфармацыі Пакістана Марыум Аўрангзеб зрабіла заяву, у якой абвінаваціла Індыю. Маўляў, вецер надзьмуў шкоднае паветра з суседняй краіны.
Пакістан нават хоча ініцыяваць перамовы з Індыяй. Хоць гэтыя дзве краіны маюць напружаныя і нават і варожыя адносіны, экалагічная катастрофа змушае іх ісці на дыялог.
Бегемот выбраў Трампа
Жартоўнае прадказанне вынікаў выбараў у ЗША зрабілі ў Тайландзе.
Супрацоўнікі заапарку Кхаа-Кхэа далі карлікавай самцы бегемота па мянушцы Му-Дэнг на выбар два кавуны. На першым было напісанае імя Дональда Трампа, на другім — яго канкурэнткі ад дэмакратаў Камалы Харыс.
Бегемотка выбрала Дональда Трампа. Два кандыдаты ідуць ноздра ў ноздру, а напружанне наконт вынікаў гэтых выбараў настолькі вялікае, што даводзіцца прадракаць будучыню нават такімі спосабамі.
Памёр тытан джазавай і поп-музыкі
Куінсі Джонс, сапраўдная музычная легенда, пайшоў з жыцця ў 91 год. Ён працаваў з Фрэнкам Сінатрам, Майклам Джэксанам — выпускаў і прадзюсаваў яго самы знакаміты альбом Thriller, які прадаўся тыражом 20 млн экзэмпляраў.
У Куінсі Джонса 28 прэмій “Грэмі” і велізарны аўтарытэт у свеце музыкі і шоу-бізнесу. Ён сябраваў з прэзідэнтамі і карыстаўся аўтарытэтам і павагай, даючы прыклад аднаго з першых цемнаскурых амерыканцаў, якія дасягнулі такіх вышыняў у Галівудзе.
“І хоць гэта неймаверная страта для нашай сям'і, мы святкуем вялікае жыццё, якое ён пражыў, і ведаем, што больш ніколі не будзе такога, як ён. Ён сапраўды адзіны ў сваім родзе, і мы будзем вельмі па ім сумаваць; мы знаходзім суцяшэнне і велізарны гонар ва ўсведамленні таго, што каханне і радасць, якія былі сутнасцю яго істоты, былі падзеленыя са светам праз усё, што ён стварыў. Дзякуючы яго музыцы і яго бязмежнай любові сэрца Куінсі Джонса будзе біцца вечна”, — такую заяву распаўсюдзіла яго сям’я.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.