Цана УНС: толькі на артыстаў з Магілёва выдаткуюць каля 17,5 тысяч рублёў
Канцэрт з нагоды V Усебеларускага народнага сходу / з архіва БЕЛТА
На праезд, харчаванне і пражыванне артыстаў з Магілёва, якія будуць забаўляць гасцей Усебеларускага народнага сходу, выдзелена каля 17,4 тысяч беларускіх рублёў, падлічылі журналісты партала TUT.BY.
Яны прааналізавалі сайт дзяржзакупак і выявілі адразу некалькі заявак ад Палаца культуры Магілёўскай вобласці. Арганізацыя шукае партнёраў, якія дапамаглі б з дастаўкай, харчаваннем і пражываннем артыстаў. Так заяўка на перавозку творчай дэлегацыі вобласці ў Мінск для ўдзелу ў канцэрце ў рамках УНС прадугледжвае выезд — 9 лютага, перавозкі па сталіцы, а 12-га — вяртанне ў Магілёў. Патрабуецца перавезці 99 чалавек. Арыенціровачны кошт закупкі — 5000 рублёў.
Яшчэ дзве заяўкі, размешчаныя на гэтым сайце, датычацца пражывання ўдзельнікаў канцэрта (арыенціровачны кошт — 7500 рублёў) і іх харчавання (арыенціровачны кошт — 4 860,9 рубля).
У якасці крыніцы фінансавання ва ўсіх заяўках значацца "бюджэтныя сродкі". Пры гэтым адкрытым застаецца пытанне, ці заплацяць артыстам за выступленне.
Адзначым, што 17,4 тысяч рублёў — гэта выдаткі на артыстаў толькі з адной вобласці.
Гала-канцэрт майстроў мастацтваў "Мы, народ ..." пройдзе ў рамках Усебеларускага народнага сходу 11 лютага. Мяркуецца, што ён будзе доўжыцца каля паўтары гадзіны, а ўдзел у ім прымуць у тым ліку "яркія і таленавітыя калектывы з рэгіёнаў", паведамляе телеграм-канал УНС.
У сцэнарным плане канцэрта гаворыцца, што прадстаўленне рыхтуюць, каб "даць магчымасць удзельнікам і гасцям сходу ўсвядоміць сваю гістарычную ролю як сведкам лёсавызначальнага форуму, адчуць сябе галінамі магутнага дрэва, імя якога — беларускі народ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.