Чаму Лукашэнка не каментуе затрыманне Баўмгертнера і справу Керымава?
Тыдзень мінуў з моманту, калі эканамічны канфлікт паміж “Белкаліем” і “Уралкаліем” перарос у крымінальны, а Лукашэнка яго ні разу не пракаментаваў.
Ад 26 жніўня гендырэктар расійскай кампаніі Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. За гэты час кіраўнік “Расспажыўнагляду” Генадзь Анішчанка займеў прэтэнзіі да беларускага малака, у Расію забаранілі ўвозіць нашу свініну, нам пагражаюць скарачэннямі паставак нафты і крымінальным пераследам адказным за беларускі “растваральны бізнес”.
Уладзіслаў Баўмгертнер
І ні разу за цэлы тыдзень сітуацыю не пракаментаваў беларускі кіраўнік. Чаму?
На думку дацэнта кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Кірыла Коктыша, працягваецца хітрая тактычная барацьба, гульня “ў маўчанку”, паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным.
Кірыл Коктыш: “Мінску відавочна трэба дачакацца рэакцыі Масквы, рэакцыі Бруселя — пасля чаго вызначаць сваю ўласную пазіцыю. Тут, акурат, будзе гульня ў “чаканку” — хто каго перачакае. Бо ў дадзеным выпадку той, хто першы ходзіць, не гарантавана будзе пераможцам, зусім не гарантавана”.
З калегам не згодны беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў. Кіраўнік краіны нічога не каментуе, таму што ўся гэта эканамічна-крымінальная сітуацыя… не яго ўзроўню, упэўнены эксперт.
Юрый Шаўцоў: “Не было ніякай заявы з боку прэм’ер-міністра Расіі, і тым больш не было ніякай рэакцыі з боку прэзідэнта Расіі. Таму гэта справа да ўзроўню Лукашэнкі як прэзідэнта не дайшла нават і блізка”.
У тым, што кіраўнікі Беларусі і Расіі адзін аднаго выпрабоўваюць — хто каго перамаўчыць, упэўнены і эканаміст Яраслаў Раманчук. І прымусіць парушыць маўчанне першым беларускага лідара можа толькі пагроза эканамічных страт. Але калі кіраўнік пачне гаварыць, папярэджвае Раманчук, то горш будзе… Міхаілу Мясніковічу!
Яраслаў Раманчук: “Калі ціск з боку Расіі будзе павялічвацца, калі Баўмгертнер будзе сядзець і зрухаў у канфлікце не будзе, і беларуская эканоміка будзе губляць грошы, а гэта можа выліцца, паводле маіх разлікаў, у страту 900 мільёнаў долараў сёлета і больш за 3 мільярды — у будучым, тады Лукашэнка можа зрабіць хітры гешэфт: сказаць, што ў нас рэцэсія, таму што ўрад дрэнна спрацаваў, Мясніковіч не змог дамовіцца. Ён вымушаны будзе выпусціць Баўмгертнера, але “стрэлачнікам” будзе зроблены Мясніковіч”.
Яраслаў Раманчук
Масква жаданне зменшыць ціск на афіцыйны Мінск не дэманструе, а Уладзімір Пуцін вандруе па Далёкім Усходзе і вяртацца ў расійскую сталіцу не спяшаецца, дзеліцца назіраннямі Кірыл Коктыш. Пагроза страты падлічаных Раманчуком 900 мільёнаў долараў выглядае рэальнай.
Маючы сённяшні досвед, ці пайшлі б беларускія ўлады на арышт гендырэктара “Уралкалія”?
“Канешне! — упэўнены Кірыл Коктыш. — Страты для Мінска пакуль сімвалічныя, а прыбыткі — фантастычна вялікія. Прыбыткі па палітычным капітале вельмі важкія (рост іміджу змагара са злодзеямі-алігархамі. — заўв. Еўрарадыё), прыбыткі па міжнародным палітычным капітале таксама важкія. Бо той жа Інтэрпол без каментарыяў прыняў ордары да выканання (на вышук яшчэ чатырох топ-менеджараў “Беларускай калійнай кампаніі”. — заўв. Еўрарадыё). Калі ён праз месяц пацвердзіць, што будзе выконваць гэтыя ордары, то гэта — легітымізацыя таго, што прэтэнзіі Мінска цалкам адпавядалі міжнароднаму заканадаўству”.
Кірыл Коктыш
Згодны з ім эканаміст Яраслаў Раманчук.
Яраслаў Раманчук: “Уявіце сабе сітуацыю: ён нічога не робіць, “Уралкалій” сыходзіць, вядзе коштавую барацьбу на паніжэнне на сусветным рынку — Беларусь не можа атрымаць кантракты на продаж калійных угнаенняў па кошце большым, чым 300 долараў, “Беларуськалій” губляе больш за 1,5 мільярда долараў валютнай выручкі. І гэта трагедыя. Па сутнасці, гэта магутны асінавы кол у плечы беларускай эканомікі”.
Юрый Шаўцоў разважаць на гэту тэму адмаўляецца. Але калі Коктыш і Раманчук катэгарычна кажуць, што Уладзіслава Баўмгертнера беларускія ўлады павінны неадкладна выпусціць, то Шаўцоў лічыць інакш.
Юрый Шаўцоў: “Пажадана, каб мандат Інтэрпола на затрыманне гэтых чатырох менеджараў спраўдзіўся — хай яны дадуць правільныя паказанні. Каб гэтае следства скончылася судовым працэсам, які паставіць кропкі над “і”. І, магчыма, там не толькі гэтыя пяць чалавек будуць фігураваць”.
Ці дойдзе справа да суда, будзе залежаць ад таго, чыёй перамогай скончыцца гульня “ў маўчанку” кіраўнікоў дзвюх краін, упэўненыя эксперты.
Фота: Змітра Лукашука, www.golos-ameriki.ru, nn.by