Чым магла перашкодзіць уладам праваабаронца Алена Танкачова?

5 лістапада адбудзецца разгляд пытання аб дэпартацыі з Беларусі праваабаронцы расійскага паходжання Алены Танкачовай. Днямі яе ўжо пазбавілі беларускага віда на жыхарства за шэраг парушэнняў правілаў дарожнага руху. Еўрарадыё даведалася як ставяцца калегі Алены да магчымасці яе дэпартацыі і ў чым бачаць сапраўдную прычыну такой пільнай увагі дзяржавы да яе асобы.

Праваабаронца “Беларускага хельсінскага камітэтаАлег Гулак падазрае, што электроннай базы, якая адсочвае ўсе правапарушэнні замежнікаў і паведамляе пра магчымасць пачатку пазбаўлення віда на жыхарства, ні ў ДАІ, ні ў Дэпартамента па міграцыі няма. Хутчэй за ўсё, пад пільны дагляд уладаў трапіла менавіта дзейнасць Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, якім кіруе Алена Танкачова.

“Цалкам верагодна, што такая павышаная цікаваць з’явілася з-за таго, што апошні даклад у ААН спецдакладчыка па Беларусі грунтаваўся шмат у чым на матэрыялах Lawtrend, — развівае думку Алег Гулак. — Ён акурат тычыўся іх асноўнай тэмы — парушэнне свабоды асацыяцый у Беларусі. Можа быць, акурат гэта і прыцягнула ўвагу, яны пачалі шукаць слабае месца і знайшлі”.

Прадстаўніца праваабарончага цэнтра “ВяснаТаццяна Равяка лічыць, што падрыхтоўка гэтага даклада стала толькі адной з шэрагу прычын. Асноўная ж — пачатак падрыхтоўкі да будучых прэзідэнцкіх выбараў і, адпаведна, спроба зачысціць праваабарончую прастору і пазбегнуць магчымай крытыкі.

“Пасля выбараў 2010 года і разгону мітынгу Lawtrend і асабіста Алена Танкачова вельмі актыўна выказвалі ацэнкі падзеяў, якія адбыліся, — тлумачыць сваё бачанне сітуацыі Таццяна Равяка. — Мне падаецца, тады кожны праваабаронца мусіў адказаць за сваю пазіцыю. Для “Вясны” гэта скончылася арыштам Алеся Бяляцкага і канфіскацыяй офіса. У Алены быў праведзены ператрус. У яе ёсць вельмі слабае месца — адсутнасць беларускага грамадзянства, гэтым слабым месцам і скарысталіся”.

Пазбавіць віда на жыхарства могуць, калі чалавек мае пяць непагашаных адміністрацыйных парушэнняў. Але па словах Таццяны, закон кажа толькі пра магчымасць пазбаўлення. Калі ж гаворка вядзецца пра дзве тысячы замежнікаў на год, якіх пазбаўляюць віда на жыхарства, то хацелася б ведаць, ці шмат сярод іх людзей з аналагічнымі спагнаннямі!?

За год у Беларусі анулююць каля 2 тысяч відаў на жыхарства

“Ёсць і вельмі жорсткія заканадаўчыя патрабаванні пазбаўлення віду на жыхарства, — працягвае Таццяна Равяка. — Думаю, менавіта яны і працуюць у выпадку з двума тысячамі замежнікаў. У выпадку з Аленай Танкачовай пяць адміністрацыйных спагнанняў, думаю, сталі фармальнай прычынай, у чым я абсалютна дакладна бачу дыскрымінацыйны падыход і непрапарцыйнае пакаранне для сваёй калегі. Нават, калі ўлічыць, што маглі так пакараць, але ж і іншыя фактары не былі ўлічаныя”.

Lawtrend — адна са старэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі, мэта якой — павышэнне прававой культуры, арганізацыя адукацыйнай, аналітычнай і даследчай дзейнасці ў галіне права. У асноўным, яна займаецца юрыдычнай дапамогай арганізацыям ды пытаннямі свабоды інфармацыі ў Беларусі. Гэтыя адгалінаванні працы вельмі моцна вылучаюць Lawtrend у беларускім праваабарончым асяродку. На думку супрацоўніка Цэнтра прававой трансфармацыі Андрэя Сушко, ціск на Lawtrend і яго кіраўніка з боку дзяржавы — вельмі дзіўная з’ява.

“Мы робім важныя для Беларусі даследаванні ў розных сферах, звяртаем увагу на недахопы прававога рэгулявання ці практычнага ўжывання, — кажа Андрэй. — Напрыклад, калісьці Lawtrend запускаў кампанію па альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Цяпер маніторым інфармацыйную адкрытасць дзяржорганаў на іх сайтах. Гэта не тыя тэмы, з-за якіх на нашых супрацоўнікаў трэба ціснуць. Наадварот дзяржаве і чыноўнікам да гэтых рэчаў трэба больш прыслухоўвацца, мне падаецца, знаходзіць для сябе карысныя рэчы. Для дзяржавы гэта бясплатная экспертыза і аналітыка, якая можа і мусіць быць скарыстаная для паляпшэння ў розных сферах”.

Пытанне па дэпартацыі Алены Танкачовай будзе вырашанае ў 12:00 гадзін 5 лістапада ва Упраўленні ўнутраных спраў Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска.

Раней паведамлялася, што намеснік Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Міхаіл Фядотаў заклікаў МЗС Расіі аказаць тэрміновую падтрымку расійскай грамадзянцы Алене Танкачовай, якой пагражае высылка з Беларусі, дзе яна стала пражывае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі