Ці гатовая Беларусь да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?

Ці гатовая Беларусь да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?

Смяротнае пакаранне адмянілі ўсе еўрапейскія краіны — гэта ўніверсальнае рашэнне, якое не залежыць ад палітычнай ці культурнай асаблівасці той ці іншай дзяржавы. Такога ж рашэння чакаюць і ад Беларусі, што дасць новы імпульс адносінам паміж Бруселем і Мінскам, заяўляе спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс падчас міжнароднай канферэнцыі “Смяротнае пакаранне: пераадольванне супярэчнасцяў”, што праходзіць у Мінску.

Ці гатовая Беларусь да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?

Увядзенне мараторыя патрабуе лідарства. І мы вельмі віталі б праявы гэтага лідарства з боку Беларусі па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. У выніку ўвядзення мараторыя ці скасавання смяротнага пакарання заўсёды адносіны з такой краінай з боку Еўрасаюза паляпшаюцца.

Стаўрас Ламбрынідзіс

Цяпер, разважае далей прадстаўнік ЕС па правах чалавека, калі санкцыі ў дачыненні да Беларусі адмененыя, вельмі важна “выкарыстаць гэтае акно магчымасцяў, каб палепшыць нашы адносіны, каб вырашыць праблемы смяротнага пакарання і звярнуць увагу на цэлы шэраг пытанняў у галіне правоў чалавека”. І дадае, што паводле шматлікіх даследаванняў, наяўнасць смяротнага пакарання ніякім чынам не ўплывае на паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі ў краіне. Маўляў, цяжкія злачынствы адбываюцца паўсюль, але караць злачынцаў можна пажыццёвым пакараннем, каб самім не станавіцца забойцамі, выносячы смяротныя прысуды.

Санкцыі, якія ад пачатку былі ўведзеныя неабгрунтавана і несправядліва, ніякага дачынення да пытання смяротнага пакарання не маюць, выказваецца намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў. Па яго словах, пытанне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне для нашай краіны — не прадмет гандлю.

Ці гатовая Беларусь да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?

Валянцін Рыбакоў: “Стаўленне да таго, што робяць палітыкі недзе там за зачыненымі дзвярыма, можа быць розным, але, паверце мне, ні пра які гандаль, тым больш па такім пытанні, гаворкі не вядзецца. І ніхто не збіраецца гандлявацца, мяняць нейкія каштоўнасці на іншыя каштоўнасці ці нашы ўяўленні на тое, як нам трэба жыць на нейкія абяцанні, адмены нейкіх санкцый ці пагроз увядзення нейкіх дадатковых санкцый”.

Па словах Рыбакова, цяпер па пытанні смяротнага пакарання ідзе актыўны дыялог у беларускім грамадстве і, упэўнены намеснік міністра, менавіта беларускае грамадства, беларускі народ будзе вырашаць, што з тым пакараннем рабіць.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня працоўнай групы па вывучэнні смяротнага пакарання як інструмента пакарання Мікалай Самасейка дадае, што, каб увесці мараторый, праводзіць рэферэндум не трэба.

Ці гатовая Беларусь да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?

Мікалай Самасейка“Для ўвядзення мараторыя рэферэндум не патрэбны — дастаткова прыняцця палітычнага рашэння. І згодна з рашэннем Канстытуцыйнага суда, гэта пытанне можа быць вырашанае альбо прэзідэнтам, альбо парламентам. Але калі сёння вынесці гэтае пытанне на галасаванне ў Авальную залу, я не гарантую таго, што будзе атрыманы станоўчы вынік…”

Канферэнцыя па смяротным пакаранні працягваецца, працягваецца дыялог палітыкаў, грамадскіх актывістаў, экспертаў. Але важна, каб усё гэта дало вынік, разважае старшыня камітэта па замежных справах парламента Чэхіі Карэл Шварцэнберг.

Ці гатовая Беларусь да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?

Калі мы будзем пастаянна праводзіць дыялог без выніку, то нічога добрага з гэтага не будзе. Да ўсяго, проста ў дзень адмены санкцый у Беларусі быў вынесены новы смяротны прысуд. І я расцэньваю гэта, як найвялікшую непавагу да Еўропы, да еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Старшыня камітэта па замежных справах парламента Чэхіі Карэл Шварцэнберг

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі