Смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі грамадзяніну Германіі, уступіў у сілу
Рыка Крыгер
Смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру, уступіў у сілу. Ён яго не абскарджваў, паведамляе sb.by.
Пра тое, што ў чэрвені ў РБ да расстрэлу асудзілі замежніка, стала вядома нядаўна. Крыгера абвінавацілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: "Акт тэрарызму", "Агентурная дзейнасць", "Найміцтва", "Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім", "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" і "Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін".
Рыка Крыгер прыехаў у Беларусь 2 кастрычніка 2023 года, а 6 кастрычніка ўжо быў за кратамі. Сцвярджаецца, што ён падклаў выбухоўку, забраную са схованкі ў Мінску, на чыгуначнай станцыі Азярышча, якая выкарыстоўваецца для пагрузачна-разгрузачных аперацый з вайсковай тэхнікай. Выбух адбыўся позна ўвечары 5 кастрычніка. Ахвяр не было, а пашкоджанні былі нязначныя.
У МЗС Германіі заявілі, што займаюцца справай Рыка Крыгера. Магчыма, яго змогуць абмяняць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.