Імкнемся, каб Крыгер вярнуўся як мага хутчэй — МЗС Германіі

Рыка Крыгер на судзе

Рыка Крыгер на судзе / sb.by

Нямецкі бок "імкнецца да таго, каб грамадзянін ФРГ вярнуўся як мага хутчэй". Так прэс-сакратар МЗС Германіі Себасціян Фішар на ўрадавай прэс-канферэнцыі пракаментаваў памілаванне Рыка Крыгера, прысуджанага ў Беларусі да расстрэлу.

Як адзначае DW, прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства не стаў адказваць на многія пытанні журналістаў.

У прыватнасці Фішар не стаў адказваць на пытанне, ці выстаўляў беларускі бок умовы для памілавання Рыка Крыгера. "Я не хачу каментаваць, што заахвоціла спадара Лукашэнку памілаваць нямецкага грамадзяніна. Магу толькі сказаць, што гэтая навіна прынесла нам палёгку", — заявіў нямецкі дыпламат. Таксама ён адмовіўся адказваць на пытанне, ці звязанае памілаванне з магчымым абменам беларускіх або расійскіх палітвязняў.

Рыка Крыгера ў Беларусі прысудзілі да смяротнага пакарання, абвінаваціўшы па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іншага яго віанвацілі ў наёмніцтве і тэрарызме. У справе фігураваў выбух на чыгуначнай станцыі Азярышча пад Мінскам у кастрычніку 2023 года.

Нямецкі грамадзянін напісаў прашэнне аб памілаванні. І 30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка памілаваў яго.

Раней у СМІ з'яўляліся меркаванні, што Крыгера могуць абмяняць на расійскага афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава. Ён прысуджаны ў Германіі да пажыццёвага зняволення за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі