Ціханоўская: рэжым кажа пра амністыю, адначасова набіраючы новых закладнікаў

Ціханоўская: рэжым кажа пра амністыю, адначасова набіраючы новых закладнікаў

Святлана Ціханоўская пракаментавала сённяшні прысуд дзесяці актывістам, якіх агулам асудзілі на 94 гады зняволення. Яна згадала, што валанцёрка "Вясны" Марфа Рабкова была асуджаная на 15 гадоў. І тое, што пасля абвяшчэння прысуду ў судзе затрымалі праваабаронцу Насту Лойка, дыпламатаў і сваякоў палітвязняў.

"Пры гэтым рэжым кажа пра магчымыя амністыі, адначасова з гэтым набіраючы новых закладнікаў для гандлю і абмяркоўваючы планы па пазбаўленні беларусаў грамадзянства, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі", — канстатуе Ціханоўская.

Яна кажа, што людзі павінны быць на волі, і гэта норма, а не падарунак ад "тых, хто сам зладзіў пекла для людзей — і потым вырашыў яго спыніць".

Ціханоўская нагадвае, што мінскі рэжым пачынае размовы пра амністыі тады, калі пачынае палітычны гандаль закладнікамі дзеля зняцця санкцый.

"Мы не дазволім гэтага зрабіць. Мы ведаем сапраўдны твар гэтай сістэмы. Проста цяпер яны арыштоўваюць маёмасць зняволеных па палітычных матывах, каб потым прадаваць яе, пазбаўляючы людзей таго, што беларусы зарабілі сумленнай працай. Нашу з Сяргеем Ціханоўскім мінскую кватэру арыштавалі. У ёй апісалі ўсё — аж да акварэльных фарбаў дзяцей, каб прадаць і сабраць грошай у казну. У канфіскатах Гомеля проста цяпер прадаюць тэхніку, з якой 29 траўня 2020 года затрымалі Сяргея. І такіх людзей, як Сяргей, у Беларусі тысячы", — дзеліцца яна падрабязнасцямі.

Яна заклікае падтрымаць палітвязняў і іх сваякоў, ні ў якім разе не купляць за нізкі кошт канфіскаваныя ў палітвязняў рэчы.

"Мы будзем шчаслівыя кожнаму зняволенаму па палітычных матывах, які выйдзе на волю. Але выйсці павінны абсалютна ўсе", — заяўляе Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі