Да Дня роднай мовы: дзе шукаць слоўнікі, аўдыякнігі і фільмы па-беларуску
Дзе браць беларускі кантэнт
Каб не забывацца на мову, мае сэнс стварыць вакол сябе адпаведнае моўнае асяроддзе. Так рэкамендуюць педагогі тым, хто вывучае новую мову. Такая парада будзе карысная і тым, хто ведае некалькі моваў і хвалюецца, што тая, якой карыстаешся найменш, вылятае з галавы.
Для тых, хто хацеў бы больш беларускай мовы ў сваім жыцці, Еўрарадыё склала караценькі дапаможнік. У ім слоўнікі, кнігі, фільмы… Перакладайце, слухайце, глядзіце, чытайце — і, галоўнае, не саромейцеся размаўляць, пісаць па-беларуску.
Пачынайце з таго, што вам цікавае, рабіце памылкі і спрабуйце іх выправіць, спрабуйце размаўляць — хоць бы нават дадаючы ў гутаркі беларускія прымаўкі, пішыце ў сацсетках на беларускай — і ваш узровень валодання мовай заўважна падрасце! Ну і, вядома ж, чытайце і слухайце Еўрарадыё, каб сачыць за навінамі па-беларуску.
Анлайн-слоўнікі
Slounik.org — рэсурс, які аб’ядноўвае розныя слоўнікі, у тым ліку руска-беларускі і беларуска-рускі, тлумачальны, этымалагічны, дыялектны і іншыя.
Verbum.by — яшчэ адзін партал з рознымі слоўнікамі і рознымі правапісамі, у тым ліку англійска-, нямецка- і польска-беларускія слоўнікі.
Skarnik.by — зручны сэрвіс, каб спраўдзіць значэнне слова, націск або пераклад з рускай ці на рускую. У аснове — акадэмічны слоўнік, выдадзены ў 1953 годзе пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі. Але яго адметнасць — пастаяннае абнаўленне і дапаўненне.
Starnik.by — рэсурс для аматараў слоўнікавых гульняў. Таксама гэта арфаграфічны слоўнік, дзе можна хутка спраўдзіць нарматыўнае напісанне слоў і іх форм, а таксама націскі.
Nisho.me — нефармальны слоўнік беларускага слэнгу. Хочаце зрабіць сваю гаворку больш жывой, сучаснай і адметнай — варта пацікавіцца. І калі вас дрэнчыць тое, што моладзь гаворыць неяк незразумела — вам таксама сюды.
“Добрапіс” — мегакарысны сэрвіс, у які можна заганяць нават кавалкі тэксту, каб спраўдзіць іх пісьменнасць. Ён ахоплівае класічны (тарашкевіцу) і афіцыйны (наркамаўку) правапісы, а таксама дапамагае канвертаваць кірылічнае напісанне ў беларускую лацінку.
“Моўная даведка” — апошні аргумент у спрэчках, як нешта сказаць ці напісаць па-беларуску пісьменна. Рэсурс Інстытута мовазнаўства НАН, які прафесійна адказвае на актуальныя пытанні пра беларускую мову.
Кнігі
“Беларуская палічка” — хіба найбуйнейшая анлайн-бібліятэка. Слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі, падручнікі, мастацкая, гістарычная літаратура і пераклады… Невычарпальны скарб!
Kamunikat.org — інтэрнэт-бібліятэка, дзе можна знайсці нават газеты і часопісы, а таксама самыя розныя кнігі, ад публіцыстыкі і навуковых выданняў да зборнікаў казак. Таксама на “Камунікаце” ёсць аўдыёкнігі, радыёспектаклі і запісы радыёпраграмаў.
Audiobooks.by — навігатар па кнігах на беларускай мове. Гэта не бібліятэка, але сэрвіс, які дапамагае хутка знайсці неабходную кнігу, калі яна агучаная і выдадзеная ў аўдыяфармаце.
Кніжны воз — выдатная падборка аўдыякніг для дзяцей (і дарослых, якія не пагарджаюць казкамі). Кніжкі можна слухаць проста на сайце.
Беларуская літаратура — YouTube-канал з аўдыёкнігамі: казкамі Караткевіча, вершамі дый іншымі творамі беларускай літаратуры.
Фільмы
Пакуль у Беларусі няма магчымасці набыць аўтарскія правы на замежнае кіно, асабліва для дубляжу на беларускую, гэтым займаюцца некалькі ініцыятыў. Выключна дзеля таго, каб папулярызаваць беларускую мову, а беларускамоўнага кантэнту стала больш.
Кінаконг — ініцыятыва, дзякуючы якой па-беларуску загаварылі “Цвёрды арэшак” Брус Уіліс і свінка Пэпа. Раней паказы кіно на беларускай ладзіліся ў кінатэатрах, цяпер штосьці можна паглядзець анлайн — з дапамогай Voka.tv або на сайце.
Kaviarnia.com — аматарскі пераклад і двухгалосая беларуская агучка знакамітых фільмаў і серыялаў.
Anibel — анімэ і манга па-беларуску або з субтытрамі.
Gavarun.by — мультфільмы па-беларуску.
Анлайн-курсы па беларускай мове
Мова Нанова — грамадскі праект, трыумфальнае шэсце якога па Беларусі, калі на бясплатныя ўрокі ў розных кутках краіны збіраліся дзясяткі людзей, на жаль, скончылася. Але захаваліся матэрыялы! Грэх імі не скарыстацца.
Asvetnik.by — просты і зручны размоўнік, які дапаможа хутка папоўніць слоўнікавы запас і навучыць карыстацца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці.
Моўнік – серыя лінгвістычных відэа на “Белсаце”. Праграма запісвалася ўжо даўно, але актуальнасці не страціла, бо цікавосткі пра беларускую мову расказваюць сапраўдныя знаўцы. Як ставіць націск, адкуль пайшлі тыя ці іншыя словы — усё гэта тут.
Мова са Свабодай — серыя кароткіх анімаваных ролікаў пра беларускую мову ад нашых калег з “Радыё Свабода”. Як спяваў сучасны класік Лявон Вольскі, простыя словы, простыя рэчы — відэа дапамагаюць набрацца лексікі ў розных тэмах: посуд, гародніна, колеры, адзенне і гэтак далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.