Суб'ектыўны топ кніг 2023 года, якія заслугоўваюць увагі беларусаў
Даведаліся, якія кнігі варта пачытаць
Пад канец года Еўрарадыё вырашыла падзяліцца з чытачамі кнігамі, апублікаванымі ў 2023 годзе, якія, вельмі імаверна, спадабаюцца беларусам.
Наша падборка суб'ектыўная, яна складзеная вядомым беларускім выдаўцом Андрэем Янушкевічам, чыё меркаванне нельга назваць неаўтарытэтным. У гэты топ увайшлі зборнікі вершаў, проза і нават навуковыя кнігі. Безумоўна, усе яны заслугоўваюць вашай увагі.
Зборнік вершаў Віславы Шымборскай
Выдавецтва Gutenberg Publisher сумесна з Цэнтрам беларускай салідарнасці ў межах праекта "Польская класіка для беларускіх чытачоў" у снежні гэтага года прэзентавала кнігу праекта "Партрэт з памяці". Яе напісала лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1996 года Віслава Шымборская.
Гэта зборнік вершаў, перакладзены на беларускую мову вядомымі беларускімі пісьменнікамі і перакладчыкамі.
Кнігі праекта "Польская класіка для беларускіх чытачоў" купіць нельга, але бібліятэкі і супольнасці беларусаў па ўсім свеце атрымаюць іх бясплатна.
Андрэй Скурко. “Хто жыве ў гаражы”
“Хто жыве ў гаражы?” — кніга беларускага пісьменніка і журналіста Андрэя Скурко, якую апублікавала выдавецтва Gutenberg Publisher.
У анатацыі гаворыцца, што ў кнізе сабраныя 16 вершаў-апавяданняў пра розныя віды транспарту. "Усё будзе слізгаць і рассыпацца, круціцца і падаць — мы ведаем, што малым гэта вельмі падабаецца".
Дастаўка кнігі магчымая па ўсім свеце. Купіць яе можна на сайце Gutenberg Publisher.
Андрэй Скурко — былы супрацоўнік "Нашай Нівы". Ён быў вызвалены з магілёўскай калоніі 18 жніўня 2023 года, цалкам адседзеўшы два з паловай гады.
Сяргей Токць, Андрэй Вашкевіч. “Холад, голад і зараза”
Прафесар Сяргей Токць і краязнаўца Андрэй Вашкевіч прапануюць занурыцца ў жыццё беларускага селяніна сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
У кнізе разглядаецца ўплыў кліматычных анамалій, голаду і эпідэмій на беларускае грамадства тых гадоў на прыкладзе Гродзенскай губерні.
Кніга выйшла ў 2023 годзе і была апублікаваная выдавецкім агенцтвам “Экапрэс”.
Наста Кудасава, Святлана Дземідовіч. “Побач”
Гэтая кніга — ілюстраваны зборнік вершаў, які апавядае пра адзіноту і надзею, пра здабыццё сябе і сваёй радзімы ў вар'яцкіх умовах нашай рэчаіснасці.
"Калекцыя, якая аб'ядноўвае асабістае і гістарычнае, моўнае і візуальнае, паказвае шматгранны свет чалавека, занепакоенага сучаснасцю: ад адчаю і трывогі да жыццёвага энтузіязму. Гэта кніга цяпла і памяці, кніга шляху і станаўлення. Застацца "побач" на гэтым шляху — значыць захаваць чуласць і цеплыню, не выпускаць з-пад увагі іншага чалавека, не адварочвацца адно ад аднаго", — гаворыцца ў анатацыі.
Замовіць кнігу можна ў інтэрнэт-краме Kniger.by.
Альгерд Бахарэвіч. “Плошча Перамогі”
“Плошча Перамогі” — сямнаццатая кніга выдавецтва "Vesna Books/Выдавецтва Вясна".
— Гэта кніга, сюжэт якой так і просіцца на сцэну ці экран. Купалаўцы ўжо заявілі, што паставяць паводле яе спектакль.
— Кніга ўжо выдавалася ў электронным фармаце, але нам падалося, што варта патрымаць яе ў руках, панюхаць свежую друкаваную фарбу і паставіць на добрае месца на паліцы, — заяўлялі выдаўцы.
У сацыяльных сетках выдавецтва паведамляецца, што замовіць кнігу можна праз электронны адрас — [email protected].
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.