Дэпутат: Я б не сказаў, што ў нашым парламенце няма апазіцыі

Дэпутат: Я б не сказаў, што ў нашым парламенце няма апазіцыі
Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Шаўцоў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, сябра міжведамаснай экспертнай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканальвання выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь.

Еўрарадыё: Пытанне да вас як да старшыні выбарчай камісіі: калі ўсе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ будуць прынятыя — цяжэй ці лягчэй будзе працаваць камісіям? Асабліва калі сябры камісій будуць абавязаныя не перакрываць сваімі спінамі ад назіральнікаў стол, на якім лічаць бюлетэні?

Дзмітрый Шаўцоў: Гэта ўсё, пра што вы кажаце, — працоўныя моманты. Сказаць, што не было створана “празрыстасці”, нельга — я цалкам з гэтым не згодны. Бо я браў удзел у мерапрыемствах, якія папярэднічалі выбарам, у дзень выбараў быў шмат на якіх участках, прысутнічаў на падліку галасоў на адным з участкаў і магу сказаць: тут мусіць быць узаемаразуменне. І разуменне як назіральнікаў, так і сяброў камісіі, што мы працуем на агульную справу. Каб выбары адбыліся, каб выбары былі празрыстымі і каб яны былі прынятыя і ўнутранымі назіральнікамі, і міжнароднымі. Вось на тым участку, дзе я быў, была забяспечаная поўная празрыстасць, але назіральнікі ўсё адно падалі скаргу. На мае тлумачэнні, што іх патрабаванне выканаць фізічна немагчыма, яны сказалі: “Мы з вамі згодныя, але скаргу ўсё адно пакінем”. У рэкамендацыях БДІПЧ АБСЕ ёсць рэчы, якія супярэчаць дзейнай Канстытуцыі і здароваму сэнсу. Таму трэба знаходзіць нейкую залатую сярэдзіну, каб мы працавалі спакойна. І каб пытанні, якія ўзнікаюць, не даводзіліся да канфлікту. Каб і адным, і другім добра працавалася, а людзям, якія прыходзяць галасаваць, было камфортна.

Еўрарадыё: Якая канкрэтна рэкамендацыя БДІПЧ АБСЕ выклікала ў вас адмоўную рэакцыю: маўляў, як з такой нормай увогуле можна будзе працаваць камісіям?

Дзмітрый Шаўцоў: Зараз я не гатовы адназначна сказаць. Заўвагі, якія ёсць у справаздачы, безумоўна, існуюць, мы павінныя на іх адрэагаваць. Мяркую, пасля таго як мы дэталёва вывучым, у нас будзе нейкае сваё меркаванне.

Еўрарадыё: Да сёлетніх парламенцкіх выбараў рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ўлічаныя не будуць…

Дзмітрый Шаўцоў: Гэта сусветная практыка: менш чым за год да выбараў не рэкамендавана ўносіць праўкі ў заканадаўства і Канстытуцыю.

Еўрарадыё: Але сакратар ЦВК запэўнівае, што на падставе гэтых рэкамендацый яны распрацуюць свае “метадычкі” для сяброў камісій. Але ці будзе абавязковым для сяброў камісій выкананне рэкамендацый з гэтых “метадычак”?

Дзмітрый Шаўцоў: Усё, што напісана, павінна выконвацца.

Еўрарадыё: Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ робяць больш лёгкай ці больш складанай барацьбу за дэпутацкі мандат? Вы б з гэтымі нормамі перамаглі на выбарах?

Дзмітрый Шаўцоў: Катэгорыямі “прасцей-складаней” я б не апераваў. Наўрад ці яны паўплываюць на тое, стане канкрэтная кандыдатура дэпутатам ці не. Тут зацвярджаюцца правілы гульні, і яны адзіныя для ўсіх. Тое, прасцей ці лягчэй заваяваць мандат, залежыць ад таго, як ідзе перадвыбарчая барацьба, наколькі моцныя апаненты, наколькі ў цябе моцны штаб. А не ад правілаў гульні, якія прапісаныя і адзіныя для ўсіх. Чалавек, які балатуецца ў дэпутаты, павінен разумець, што ён пагаджаецца з гэтымі правіламі. І ён альбо пагаджаецца з імі і балатуецца, альбо не пагаджаецца і здымае сваю кандыдатуру.

Еўрарадыё: Вы кажаце пра перадвыбарчую барацьбу, а вось апазіцыя сцвярджае, што ў парламент прызначаюць, а не трапляюць у выніку перамогі ў сумленнай барацьбе. Вас прызначылі ці вы змагаліся за мандат?

Дзмітрый Шаўцоў: Я сумленна выйграў выбары! У 2011 годзе мяне прызначылі старшынёй Беларускай асацыяцыі дактароў, і менавіта медычная грамадскасць вылучыла мяне ў дэпутаты парламента, каб прасоўваў сістэму аховы здароўя. Пра тое, наколькі сумленнымі былі выбары, казалі нават мае апаненты. Мне не сорамна — я сумленна выйграў.

Еўрарадыё: Пасля кожных выбараў гучаць абвінавачванні ў фальсіфікацыі іх вынікаў. Унесеныя ў выбарчае заканадаўства рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ дазволяць ЦВК у далейшым не чуць такіх абвінавачванняў?

Дзмітрый Шаўцоў: Калі мы зараз кажам пра апазіцыю, то ёсць людзі, якія разумеюць і прызнаюць, што не маюць рацыі, а ёсць такія, што што б ты ні зрабіў — усё адно скажуць, што зроблена не так. Хацелася б, каб і ў апанентаў, якія лічаць сябе апазіцыяй, быў праўдзівы погляд на працэсы, што адбываюцца. Я сам размаўляў з міжнароднымі назіральнікамі: яны прызнавалі і яўку, і вынікі падліку, і самі выбары. А гэта, не крыўдзячы ўнутраных назіральнікаў, нашмат больш важна для нас. Бо гэта людзі, якія па ўсім свеце назіраюць за выбарамі і маюць вялікі досвед.

Еўрарадыё: З вашых слоў вынікае, што гэта сама апазіцыя вінаватая ў тым, што яе няма ў парламенце, а не тое, што яе сюды не пускаюць?

Дзмітрый Шаўцоў: Адназначна. Той, хто не трапіў у парламент, канечне, будзе лічыць, што недзе нехта супраць яго… Маўляў, я тут быў без 5 хвілін дэпутатам, а мяне не прынялі. Гэта чалавечы фактар: трэба ўмець і выйграваць, і прайграваць. Чалавек, які потым расказвае, што ўсе вінаватыя ў тым, што ён не трапіў у парламент, правільна туды не трапіў: гэта чалавек, які ад пачатку не ўмее прайграваць. Ды і нельга сказаць, што ў нас у парламенце няма апазіцыі: у нас шмат па якіх пытаннях узнікаюць сур’ёзныя супярэчнасці, мы збіраемся працоўнымі групамі, камісія адстойвае сваю пазіцыю, а дэпутаты — сваю. Калі ласка — кожны можа стаць дэпутатам!

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі