Домрачава выйграла другую гонку запар у Антхольцы
Беларуская біятланістка адзначыла перамогу прыгожым фінішам са сцягам сваёй краіны ў руках.
Дар’я Домрачава выйграла другую гонку запар у італьянскім Антхольцы — 24 студзеня яна была бясспрэчным лідарам у жаночым пасьюце на этапе Кубка свету па біятлоне. Маючы вялікую перавагу ў часе на старце, яна літаральна паляцела па трасе і нават адзін промах на першым агнявым рубяжы не перашкодзіў ёй застацца лідарам. Астатнія тры стральбы Дар’я правяла без памылак, амаль на хвіліну адарвалася ад бліжэйшых саперніц і таму дазволіла сабе трыюмфальны фініш са сцягам Беларусі ў руках
Другое месца ў гонцы заняла расіянка Дар’я Віралайнен, а на трэцім месцы — фінка Кайса Макярайнен, галоўная канкурэнтка Домрачавай у барацьбе за Вялікі крышталёвы глобус.
Дарэчы, дзякуючы сваёй перамозе беларуска скараціла адставанне ад лідара агульнага заліку яшчэ на 12 ачкоў. Цяпер яе адставанне ад Макярайнен складае толькі 40 ачкоў.
Фота — eurosport.com