Дзе патусіць на выхадных 17-19 студзеня, раіць Андрэй Хадановіч
Вядомы паэт ды перакладчык складае шматварыянтную афішу на бліжэйшы week end.
Андрэй Хадановіч адзін-два разы на тыдзень ладзіць “культурацэнтрычныя выхады з дому”. Там — вершы пачытае, там — паспявае, а дзесьці і паслухае, як спяваюць-чытаюць. Але ніякім чынам такія выхады не тычацца танцаў у начных клубах. Андрэй не лічыць сябе тусоўшчыкам, але абавязкі арганізатара розных мерапрыемстваў ды літаратара часам прымушаюць прымерыць гэтую ролю.
Выхадныя 17-19 студзеня не вельмі багатыя на цікавыя для Андрэя Хадановіча імпрэзы. Напрыклад, суботу-нядзелю паэт прапануе правесці з сям’ёй. Калі ўсё ж жаданне куды-небудзь выбрацца пераможа, то раіць схадзіць у кіно. Напрыклад, на “Хобіт. Пустэча Смаўга” — дзецям дакладна спадабаецца. А вось асноўны падбор мерапрыемстваў прыпадае на пятніцу. Толькі трапіць на іх усе здолеюць хіба толькі людзі з паранармальнымі магчымасцямі.
Раіць схадзіць |
Не раіць |
||
Кіно |
"Хобіт. Пустэча Смаўга" |
17 студзеня, пятніца: Аўрора: 11:00 Беларусь: 13:50 Палац Рэспублікі: 12:30, 15:30, 18:30, 21:30 Камсамолец: 13:00
18-19 студзеня: Аўрора: 11:00 Беларусь: 13:50 Палац Рэспублікі: 09:30, 12:30, 15:30, 18:30, 21:30 Камсамолец: 13:00 |
|
Канцэрты |
Recha |
17 студзеня, пятніца: Клуб Графіці Пры ўдзеле гурту "Гарадскі вал" Пачатак: 19:00 Квіткі: 60-80 тыс. Даведкі: (29),(33),(25)6384444 |
|
Тэатры |
"Пан Тадэвуш" |
17 студзеня, пятніца: Тэатр імя Янкі Купалы Апошні дзень прэм'ерных паказаў Пачатак: 19:00 Даведкі: (17)3271717, (17)3274031 |
|
"Дзяды" |
20 студзеня, панядзелак: ДК Прафсаюзаў Пастаноўка "Тэатра Ч" Пачатак: 19:00 Квіткі: 80-250 тыс. Даведкі: (17)2848228, (29)7777754, (29)1205555 |
||
Падзеі |
Сяброўскі прагляд серыяла “Кнігарня ЛогвінаЎ” |
17 студзеня, пятніца: Кнігарня “ЛогвінаЎ” прагляд беларускамоўнай, адаптаванай версіі англійскага серыяла "Black Books" Пачатак: 19:00 Уваход вольны! Даведкі: (17)2845399, (17)2863168 |
“Самая інтэлігентная, рафінаваная частка мяне пайшла б у Купалаўскі тэатр на трэці прэм’ерны дзень спектакля “Пан Тадэвуш” паводле славутай паэмы Адама Міцкевіча. П’еса, якую ўсе чакалі і абмяркоўвалі яшчэ да паказаў. І першыя паказы ўжо выклікалі буру самых розных пачуццяў”.
На думку Андрэя Хадановіча, гэты твор вельмі важны для беларусаў і беларускай ідэнтычнасці. Напрыклад, рэжысёр пастаноўкі Мікалай Пінігін параўноўвае значнасць паэмы Міцкевіча для беларускай ментальнасці з “Яўгенам Анегіным” для расіян. На думку Хадановіча, наведванне пастаноўкі — выдатны варыянт зрабіць уласныя высновы на гэты конт. “Тым больш, у “Пане Тадэвушы” задзейнічаны культавы склад акцёраў на чале з Паўлам Харланчуком і Раманам Падалякам”, — адзначае літаратар.
Калі ж раптам не атрымаецца трапіць на прэм’ерны паказ, Андрэй Хадановіч прапануе схадзіць на іншую пастаноўку паводле Адама Міцкевіча, але ўжо ў панядзелак. У палацы прафсаюзаў “Тэатр Ч” будзе ставіць “Дзядоў”, таксама з выбітным наборам акцёраў.
“Другую частку кланаванага мяне, якая больш любіць слухаць музыку, падпяваць і танчыць у гарачым рытме харызматычных музыкаў, я б паспрабаваў бы намовіць убіцца ў клуб “Графіці”. Там будзе канцэрт, на мой погляд, аднаго з галоўных нашых музычных харызматыкаў, гурта “Рэха” з Андрусём Такіндангам і Раманам Абрамчуком. Акурат у нас зрабілася халодна, зімова, а там будзе вельмі горача ды прыемна”.
Ну і, каб канчаткова разгубіцца ў планах на пятніцу 17 студзеня, Андрэй Хадановіч прапануе наведаць яшчэ адно мерапрыемства. Сваю трэцюю, самую літаратурную частку паэт адправіў бы ў кнігарню “ЛогвінаЎ” на сяброўскі прагляд англійскага серыяла “Black Book”.
“Ён будзе паказаны ў беларускім перакладзе ў стылі блізкім да “гоблінскага”. Англійскія рэаліі перакладзеныя на беларускія. Лонданская кнігарня “Black Book” непазбежна пераўтвараецца ў “ЛогвінаЎ”. Галоўныя персанажы Ігар, Кася і Паўло шмат чаго гавораць сэрцам тых, хто ходзіць у “Галерэю Ў” і ў кнігарню “ЛогвінаЎ” на канцэрты і літаратурныя чытанні. Усё пазнавальна, усё весела... а самае прыкольнае, што замежны гумар вельмі лёгка канвертуецца ў наш”.
Усе пятнічныя мерапрыемствы, якія агучыў Андрэй Хадановіч пачынаюцца ў 19:00, таму выбар няпросты. Тым не менш, прыемных вам выходных!