Эстонія накіруе ў Вільню дыпламата для кантактаў з дэмсіламі Беларусі

Урмас Рэйнсалу / delfi.ee
Урмас Рэйнсалу / delfi.ee

Эстонія скарачае колькасць супрацоўнікаў у прадстаўніцтве РБ у Таліне. Прадстаўляць Беларусь там будзе толькі адзін дыпламат і адзін адміністратыўна-тэхнічны супрацоўнік. Пра гэта стала вядома 12 кастрычніка, калі ў МЗС Эстоніі быў выкліканы прадстаўнік Беларусі, піша delfi.ee.

Талін адказаў на рашэнне афіцыйнага Мінска скараціць колькасць супрацоўнікаў эстонскай амбасады ў РБ. МЗС Беларусі так адрэагавала на мерапрыемства з удзелам Святланы Ціханоўскай, арганізаванае Эстоніяй у рамках Генасамблеі ААН.

Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу заявіў, што ўлады Беларусі датычныя да агрэсіі Расіі супраць Украіны. Ён назваў кіраўніцтва РБ і асабіста Аляксандра Лукашэнку "ўдзельнікамі вайны". Гэтыя словы ў эстонскім МЗС і пачуў прадстаўнік РБ.

Рэйнсалу падкрэсліў, што Эстонія "працягне цвёрда падтрымліваць дэмакратычныя высілкі беларускай апазіцыі і грамадзянскую супольнасць, каб парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права ў краіне не засталіся незаўважанымі". Улады Эстоніі збіраюцца накіраваць у Вільню "дыпламата з асаблівымі паўнамоцтвамі, які б засяродзіўся на кантактах з дэмакратычнымі сіламі Беларусі". Таксама ў Таліне чакаюць Святлану Ціханоўскую.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі