Еўрапарламент адрэагаваў на нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі
Затрыманне ў Шчучыне
Еўрапарламент адрэагаваў на нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі. Па апошняй інфармацыі, сілавікі прыйшлі да мінімум 224 чалавек. Сярод іх — былыя палітвязні, сем'і палітычных зняволеных. У прынятай 8 лютага рэзалюцыі Еўрапарламент асуджае рэпрэсіі ў РБ, патрабуе іх неадкладнага спынення, неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў. "Лукашэнка не зможа разлічваць на змяненне палітыкі ЕС, пакуль гвалт і рэпрэсіі не спыняцца і палітвязні не будуць вызваленыя", — каментуе намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Еўрапарламент адзначае выкарыстанне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі прымусовай працы палітвязняў. Ён прапануе канкрэтныя меры ціску на рэжым. Сярод іх — увядзенне санкцый у дачыненні да тавараў, якія вырабляюцца з прыцягненнем прымусовай працы.
У рэзалюцыі змешчаны заклік працягваць дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, "садзейнічаць прыцягненню рэжыму да адказнасці праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю". Еўрапарламент заяўляе пра адсутнасць празрыстасці, свабоды і справядлівасці напярэдадні так званых парламенцкіх і мясцовых "выбараў" у Беларусі, заклікае ЕС і міжнародную супольнасць не прызнаваць іх вынікі. Латушка адзначае, што "ў Лукашэнкі не павінна заставацца і цені надзеі нават на частковае аднаўленне легітымнасці".
Еўрапарламент таксама заклікае ўлады дзяржаў-членаў Еўрасаюза даць беларусам магчымасць атрымліваць візы і ВНЖ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.