Генпракуратура Украіны: Саакашвілі не будзе арыштаваны
Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка заявіў, што былы губернатар Адэскай вобласці і былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі не будзе арыштаваны або экстрадаваны з Украіны за “прарыў” праз мяжу.
Паводле Луцэнкі, Саакашвілі павінен звярнуцца ў суд, калі ён хоча аспрэчыць рашэнне прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі аб пазбаўленні яго ўкраінскага грамадзянства і гэта “адзіны законны і нармальны спосаб вырашэння гэтай спрэчкі аб грамадзянстве”.
У ліпені гэтага года Саакашвілі быў пазбаўлены грамадзянства Украіны і ён сцвярджае, што цяпер не мае ніякага іншага грамадзянства. На той момант ён знаходзіўся з мяжой.
10 верасня палітык вярнуўся ва Украіну ў выніку “прарыву”, які арганізавалі яго прыхільнікі на польска-ўкраінскай мяжы. Цяпер Генпракуратура заяўляе, што да крымінальнай адказнасці будуць прыцягнуты асобы, якія білі ўкраінскіх памежнікаў. Паводле афіцыйных звестак, каля 20 памежнікаў і вайскоўкаў атрымалі тады раненні.
12 верасня Саакашвілі ўручылі пратакол па справе аб незаконным перасячэнні мяжы. Суд прызначаны на 18 верасня, ён прайдзе ў Львоўскай вобласці, перадае ВВС.