Гатовы плаціць штраф кожны дзень дзеля гэтага
Французскага велагоншчыка Жульена Бернара аштрафавалі на 200 тысяч долараў за тое, што ён спыніўся на этапе гонкі "Тур дэ Франс", каб пацалаваць жонку. Афіцыйная пазіцыя кіраўнікоў гонкі: штраф наклалі за "непрыстойныя ці неналежныя паводзіны падчас гонкі і нанясенне шкоды іміджу спорту".
Вось як усё было. Сёмы этап "Тур дэ Франс" праходзіў у Бургундыі. Гэта недалёка ад таго месца, дзе жыве Жульен. У нейкі момант ён апынуўся ўсяго за паўгадзіны язды ад дома — тут яго і сустрэлі заўзятары. Ну і жонка сярод іх.
Сябры і сваякі падбеглі да Жульена, у іх былі плакаты, а жонка трымала на руках іх сына, апранутага ў велакамбінезон. Яна падбегла да мужа і хутка пацалавала яго.
Жульен у сацыяльных сетках папрасіў прабачэння перад UCI за "нанясенне шкоды іміджу спорту", але заявіў, што гатовы плаціць штраф "кожны дзень і зноў перажываць гэты момант".
Правыя ў Еўропе
Толькі-толькі ультраправыя прайгралі другі тур выбараў у французскі парламент, як іх лідар Жардан Бардэла знайшоў новае месца, дзе будзе рэалізоўваць свае ідэі. Ён узначаліць правую групоўку "Патрыёты Еўропы" ў Еўрапейскім парламенце.
Альянс "Патрыёты Еўропы" прыдумалі прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, Герберт Кікль з ультраправай Партыі свабоды Аўстрыі (FPÖ) і Андрэй Бабіш, лідар папулісцкай чэшскай ANO. А потым цягам тыдня розныя правыя і ультраправыя партыі з 12 еўрапейскіх краін заявілі пра свае планы далучыцца да гэтай групоўкі. Разам з французамі іх ужо 84.
Бардэла заявіў, што "Патрыёты Еўропы" ўвасабляюць "надзею для дзясяткаў мільёнаў грамадзян еўрапейскіх краін, якія цэняць сваю ідэнтычнасць, свой суверэнітэт і сваю свабоду".
Цяпер гэты альянс — трэці па велічыні ў Еўрапарламенце пасля правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі і левацэнтрысцкай Партыі сацыялістаў і дэмакратаў.
Калі вы вырашылі, што прыход да ўлады лейбарыстаў у Брытаніі і перамога левых на выбарах у Францыі канчаткова адсунулі ультраправых на другі план, вы рана выдыхнулі.
Беражыце сябе (і масты)
Разводны нью-ёркскі мост перагрэўся і... захрас. Праз спёку ў горадзе метал пачаў пашырацца. Пажарным пдавялося яго ратаваць і абліваць канструкцыю халоднай вадой.
Мост на Трэцяй авеню злучае Бронкс з Манхэтэнам. Праз інцыдэнт у горадзе пачаліся сур'ёзныя праблемы з транспартам. Але мост хутка прыйшоў у сябе, і рух аднавіўся ў той жа дзень.
Спёка небяспечная не толькі для мастоў, але і для нас з вамі. На гэтым тыдні ў Беларусі да +37, так што рыхтуйцеся.
Італьянцы доўга чакалі
Музей Brera Modern у Мілане спрабаваў адкрыцца паўстагоддзя. Змяняліся ўрады (39 раз!), а галерэя ўсё ніяк не адкрывалася. Апошнім разам, калі ўсё ўжо было гатова, ускрыліся праблемы з сістэмай кандыцыянавання.
І вось... стала вядомая дата адкрыцця! Галерэю адкрыюць ужо ў пачатку снежня. У ёй размесцяць частку калекцыі Галерэі мастацтваў Брэра — больш за 100 твораў сучаснага мастацтва.
Італьянцы лічаць, што гісторыя з гэтай галерэяй метафарычная — чаканне ўзнагароджваецца.