Гомельскі актывіст Ілля Міронаў з'ехаў з Беларусі
Ілля Міронаў / facebook.com/rock.epicenter
Гомельскі актывіст Ілля Міронаў пакінуў Беларусь. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
"Мае дарагія сябры, добры вечар! Можаце мяне павіншаваць, я паспяхова эвакуяваўся ў бяспечнае месца, за што вялізная падзяка Беларускай Радзе культуры за дапамогу! Усім вам дзякуй за словы падтрымкі! Моцна цісну вашы рукі", — напісаў Ілля ўвечары 11 чэрвеня.
Ён патлумачыў, што рашэнне пра эвакуацыю было прынятае спантанна, хаця і меркаваў да канца чэрвеня пакінуць Беларусь. 7 чэрвеня ён паехаў у Мінск і даведаўся, што гомельскае інтэрнэт-выданне "Штодзень" прызналі экстрэмісцкім. За апошні час Міронаў даў шмат каментароў гэтаму выданню, таму вырашыў перабрацца ў бяспечнае месца.
Ілля Міронаў напісаў больш за 3000 лістоў палітвязням. Таксама ён пісаў скаргі на прапагандыстаў Андрэя Мукавозчыка і Рыгора Азаронка, праўладны тэлеграм-канал "Жоўтыя слівы". Аднак Міністэрства інфармацыі ніякіх парушэнняў з боку дзяржпрапаганды не пабачыла.
За апошнія паўгода Міронава пяць разоў арыштоўвалі на "суткі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.