Гомельскі школьнік абыграў маскоўскіх знатакоў з "Што? Дзе? Калі?"

"Паненкі сярод статка кароў", Ілля Рэпін

"Паненкі сярод статка кароў", Ілля Рэпін / Creative commons

Школьнік з Гомеля абыграў маскоўскіх знатакоў у "Што? Дзе? Калі?" Яны не змаглі адказаць на дасланае падлеткам Мікітам Раманавым пытанне, расказвае TVR Гомель.

У чацвёртым раўндзе ў студыю вынеслі карціну "Паненкі сярод статка кароў". Гамяльчук адрасаваў знатакам наступнае пытанне:

"На гэтай карціне Іллі Рэпіна, напісанай у 1896 годзе пад Віцебскам, намаляваныя тры гарадскія дзяўчыны ў прыбраных сукенках. Яны сёстры. Іх бацька ў канцы XIX стагоддзя так захапіўся сельскай гаспадаркай, што нават складаў табліцы сяўбазвароту. А ў яго валоданні было 75 гектараў зямлі, 45 гектараў лесу і 40 галоў жывёлы. Хто бацька гэтых дзяўчат?"

Правільны адказ: бацька гэтых дзяўчат — сам Ілля Рэпін. Дзякуючы гэтаму пытанню гомельскі школьнік выйграў каля 3,5 тыс. беларускіх рублёў.

Сядзіба Рэпіна знаходзілася ў 16 кіламетрах ад Віцебска. На працягу 1892-1902 гадоў Рэпін стварыў тут карціны "Восеньскі букет", "Паляўнічы", "Беларус", "На Заходняй Дзвіне. Узыход сонца", "Месячая ноч", "На сонца" — і тую самую карціну "Паненкі сярод статка кароў". Цяпер на гэтым месцы — музей.

Вам не цікавае расійскае "Што? Дзе? Калі?" Тады гуляйце ў "Пытаннечкі" з Еўрарадыё ўжо заўтра, 25 кастрычніка ў 19.00 па Мінску. Рэгіструйцеся на беларускамоўны анлайн-квіз тут. У дзень квіза капітаны каманд атрымаюць спасылку на Youtube-канал, дзе будзе праходзіць гульня. Можаце сабрацца афлайн, а можаце абмяркоўваць пытанні ў любым месенджары. Адказы будуць прымацца праз гугл-форму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі