Greenpeace агучыла ў Мінску даклад аб рызыках дзейнасці "Расатама"

Міжнародная няўрадавая экалагічная арганізацыя Greenpeace прадставіла ў Мінску свой даклад "Рызыкі "Расатама". Як паведамляе БелаПАН, даклад змяшчаў аналіз пагроз і рызык, звязаных з дзейнасцю расійскай дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі "Расатам".

Нагадаем, расійская кампанія ААТ "НІАЭП" — ЗАТ "АСЭ", якая ўваходзіць у структуру "Расатама", з'яўляецца генеральным праектавальнікам і падрадчыкам будаўніцтва першай Беларускай АЭС.

Даклад прадставіў актывіст фінскага аддзялення Greenpeace Екі Харканен. Ён паведаміў, што эксперты арганізацыі вывучылі дзейнасць расійскай атамнай дзяржкарпарацыі ў краінах Еўропы, а таксама ў Турцыі ды Індыі. Эколагі адзначылі, што ў апошнія 10 гадоў міжнародная дзейнасць "Расатама" расце, а іх іх замежных калег скарачаецца. Яны ахарактарызавалі "Расатам" як расійскі "вельмі сур'ёзна карумпаваны" орган дзяржкіравання. Па іх словах, карупцыя адбіваецца на якасці пабудаваных атамных аб'ектаў. Харканен адзначыў, што карупцыя ў "Расатаме" стала прычынай таго, што ўсе праекты карпарацыі выходзілі з бюджэту, а іх будаўніцтва не ўкладвалася ва ўстаноўленыя тэрміны.

Дакладчык нагадаў пра небяспечныя аб'екты, узведзеныя "Расатамам". Ён заявіў, што выклікае неспакой чалябінскі комплекс па перапрацоўцы ядзерных адкідаў "Маяк", які "кожны дзень падвяргае небяспецы ўсіх нас". Ён адзначыў, што на балгарскай АЭС, якую будаваў "Расатам", "адбываліся аварыйныя сітуацыі, а ў рэактарнай зале нават быў выбух". Таксама Харканен згадаў пра інцыдэнт на будаўніцтве электрастанцыі "Ленінградская-2", дзе адна са сцен рэактарнай залы ўжо двойчы абвальвалася.

Разам з тым прадстаўнік Greenpeace падкрэсліў, што арганізацыя не выступае прынцыпова супраць "Расатама", бо падобныя праблемы ёсць ва ўсіх атамных карпарацый. Але ў "Расатаме", кажа ён, гэтая сітуацыя заходзіць занадта далёка.

Фота — greenpeace.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі