Гвалт як культурная норма: чаму беларусы мучаць жывёл
Надоўга пакідаць сабаку ў клетцы ці на прывязі — гэта таксама жорсткае абыходжанне / Еўрарадыё
У 2022 годзе ў Беларусі стала з'яўляцца шмат навін пра жорсткае абыходжанне з жывёламі. Выпадкі жудасныя: мужчына выкінуў з акна шостага паверха двух сабак, пенсіянерка дзеля чагосьці ўдарыла аб сцяну ката, які праходзіў міма, дзяўчына-падлетак вельмі моцна збівала сабаку на дзіцячай пляцоўцы. Быў і выпадак, калі сабаку білі, а потым закапалі жыўцом. Міліцыя знайшла нават гадавальнік, які больш падобны да канцлагера, дзе жывёлы гінулі ад змардавання і абязводжвання.
Еўрарадыё спытала ў псіхолага, чаму беларусы так паводзяць сябе. Можа, стала занадта шмат напружання? Выявілася, прычын даволі шмат: ад неадукаванасці да бед з галавой.
Праблемы з культурай і эмпатыяй
Жорсткае абыходжанне з жывёламі можа быць у любым грамадстве. Рэч не ў беларусах або ў тым, што з імі нешта здарылася, кажа псіхолаг і зоапсіхолаг Кацярына.
— Я б не навешвала гэта на сучасную Беларусь. Магчыма, мы проста сталі больш пра гэта даведвацца, але гэта было заўсёды. У цэлым людзі сталі нават лепш ставіцца да жывёл.
Адкуль тады такія страшныя навіны? Эксперт адзначае, што застаюцца людзі, якім падабаецца гвалт.
— Гэта ляжыць у аснове. Далей можна разбіраць з'яву на складнікі. Першае — нізкі ўзровень культуры і банальная неадукаванасць. Пяць свабод жывёл былі распрацаваныя ў Вялікабрытаніі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, а ў Беларусі на постсавецкай прасторы пра іх практычна ніхто не ведае. Тое самае датычыцца гуманных метадаў навучання.
Некаторыя скідаюць негатыў, крыўдзячы жывёл. Калі аднойчы ад гэтага палягчэла, то ўзрастае імавернасць, што такая практыка замацуецца.
— Яшчэ жывёл успрымаюць як аб'ект, а не як жывых істот. Нібыта яны не адчуваюць эмоцый, але гэта няпраўда. Ёсць людзі, у якіх такім чынам выяўляюцца комплексы. Напрыклад, вельмі шмат баязлівых людзей заводзяць "небяспечных" сабак, правакуюць іх на агрэсію, а потым "утаймоўваюць".
Плюс жывёлы ад нас абсалютна залежаць. Мы літаральна распараджаемся іх жыццём і смерцю. І гэтая абсалютная ўлада можа разбэшчваць. З'яўляецца комплекс Бога, адпаведна, людзі пачынаюць здзекавацца з жывёл. І ёсць банальны садызм. Калі атрымліваюць задавальненне ад таго, што прычыняюць пакуты іншым істотам, — працягвае Кацярына.
"Б'е — значыць, псіхапат проста"
Калі гаворка ідзе пра дарослага чалавека, які лічыць, што крыўдзіць жывёл нармальна, то дапаможа толькі закон, адзначае спецыялістка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.