Ігар Кузняцоў: А лінія Сталіна — гэта не фальсіфікацыя гісторыі?

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама і першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны варта ўвесці пэўную адказнасць. Па яго словах, нельга дапусціць, каб гістарычныя факты перакручвалі, надавалі ім афарбоўку, чужую для большасці беларусаў.

Гісторык Ігар Кузняцоў, да якога звярнулася Еўрарадыё, не змог прыгадаць, хто ў Беларусі фальсіфікуе вынікі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Гісторык кажа, канцэпцыя гісторыі ў школьных падручніках яго пакалення і сённяшніх практычна нічым не адрозніваецца. І калі нехта з даследчыкаў выходзіць за яе межы, пачынаецца абвінавачванне ў фальсіфікацыі. У кожным разе, мяркуе Кузняцоў, рабіць падобныя заявы ў XXI стагоддзі безадказна:

Кузняцоў: "Фальсіфікацыя — гэта заведама наўмыснае скажэнне. Калі чалавек піша пра тое, што ў партызанскім атрадзе побач з безумоўным гераізмам былі выпадкі марадзёрства — гэта фальсіфікацыя? Новыя факты ўводзяцца ў навуковы абарот — было і тое, і гэтае. Але згодна з нашай мадэллю гэта не мусіць агучвацца ні на якім ўзроўні. А "лінія Сталіна" — гэта што, не фальсіфікацыя гісторыі? Так давайце тады будзем прыцягваць да адказнасці ўсіх, хто скажае факты".

Па словах Кузняцова, гісторыя, як з'ява, не можа праходзіць праз юрыдычныя працэдуры — для гэтага ёсць навуковыя сімпозіумы, абмеркаванні ў навуковых колах і грамадстве. Праўда, наракае гісторык, навуковая думка цяпер загнаная ў тупік. Апошнім часам у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя, звязаная з праблемамі ваенапалонных. Напрыклад, цягам трох гадоў ВАК не зацвярджала абароненую доктарскую дысертацыю Аляксея Літвіна на тэму вайскова-паліцэйскіх фармаванняў на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны:

Кузняцоў: "Там не было нічога, апроч фактаў, кшталту, вось былі паліцэйскія батальёны, яны выконвалі такія функцыі — нічога не было іншага. Але гэтага хапіла, каб тры гады дысертацыю некалькі разоў карэктавалі. І ён яе абараняў у тым выглядзе, які задаволіў ветэранаў вайны і працы. Але якое дачыненне ветэраны вайны і працы маюць да вышэйшай атэстацыйнай камісіі?"

Гісторык перакананы, што ўсялякі юбілей, звязаны з Другой сусветнай вайной, у сучасным свеце мусіць суправаджацца памяццю пра загінулых і ўсведамленнем крывавых урокаў. Маўляў, трэба распавядаць усю праўду вайны, каб сучаснае пакаленне разумела, у якіх неверагодных умовах людзі жылі, працавалі, змагаліся, гінулі і выжылі.

Фота — arche.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі