"Калашы" і снайперскія вінтоўкі: чым будзе ўзброены першы беларускі ПАП
"ГардСэрвіс" стаў першым беларускім ПАПам / фота ілюстрацыйнае: АП "Лідар"
Міністэрства ўнутраных спраў устанавіла нормы забеспячэння арганізацый зброяй і боепрыпасамі. Можна пасмейвацца з таго, што паштальёнам цяпер належаць рэвальверы. Але ёсць у дакуменце і больш цікавыя пункты.
Напрыклад, устаноўлены нормы забеспячэння зброяй прадпрыемства "ГардСэрвіс". Еўрарадыё ўжо расказвала: гэта першае беларускае прыватнае ахоўнае прадпрыемства, а звязана яно з Кіраўніцтвам справамі Аляксандра Лукашэнкі.
Вінтоўкі для спецслужбаў
Мець зброю "ГардСэрвіс" мог і раней. У новай пастанове сказана, колькі яе можа быць. Пералічаныя амаль 300 адзінак агнястрэльнай зброі. У тым ліку 60 аўтаматаў АК-74 (прасцей кажучы, "калашы") і 40 пісталетаў Макарава (ПМ). А таксама пісталеты ТТ, карабіны і снайперскія вінтоўкі.
Адна з вінтовак, якія можна мець ПАПу, — ОРСІС Т-5000. Гэта нядаўняя расійская распрацоўка, далёкасць забойнага дзеяння — да 1650 метраў. Такую выкарыстоўваюць у расійскіх спецслужбах — Федэральнай службе аховы і Федэральнай службе бяспекі. Акрамя таго, на ўзбраенні ОРСІС Т-5000 ёсць у Сірыі, Іраку, Саудаўскай Аравіі і яшчэ некалькіх краінах.
Цікавы момант: сярод зброі, права на якую атрымлівае "ГардСэрвіс", ёсць не толькі службовая, але і баявая. Тыя ж "калашы" — аўтаматычная зброя, з якой можна весці стральбу чэргамі. Яны адназначна адносяцца да баявой зброі.
Пашырэнне бізнесу?
"ГардСэрвіс" стаў "спадчыннікам" Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў "Цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі" (ЦСП). Аналітык Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале адзначае, што для ЦСП быў выдзелены такі ж пералік па наменклатуры баявой зброі. У цэлым супастаўныя і аб'ёмы.
— Фактычна цяпер "ГардСэрвіс" становіцца сур'ёзнай арганізацый, вышэйшай па паўнамоцтвах і сферы задач, чым раней ЦСП. Дарэчы ўспомніць, што ў снежні былы кіраўнік ЦСП Андрэй Красоўскі (у неўдакладненым статусе) сустракаўся з міністрам абароны Нігерыі па пытанні падвышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў нігерыйскага спецназа, — піша Лебядок.
Паводле яго слоў, з улікам сувязяў у Афрыцы ў частцы геолагаразведкі, здабычы выкапняў і падрыхтоўкі афрыканскіх спецназаўцаў "такое відазмяненне дзейнасці "ГардСэрвіс" выглядае як пашырэнне і інтэграцыя бізнесу на гэтым напрамку".
— Нягледзячы на тое што "ГардСэрвіс" фармальна прыватная кампанія, усе яе дзеянні ідуць дэ-факта з ухвалення дзяржавы, паколькі яна абавязаная паведамляць МУС пра кантракты і да т. п. Названы пералік баявой зброі здаецца МУС у арэнду (указ 347). Адхрысціцца дзяржаве ад дзейнасці "ГардСэрвіс" у выпадку чаго будзе праблемна, — робіць выснову эксперт.
І не толькі "ГардСэрвіс"
У пералік арганізацый, для якіх прапісаны нормы забеспячэння зброяй, унесена і СЗАТ "Энерга-Оіл" — кампанія Аляксея Алексіна, якога называюць адным з самых набліжаных да Лукашэнкі бізнесменаў.
Ствалы кампаніі патрэбныя "ў частцы дзейнасці спартыўна-стралковага комплексу". У 2019-м указам Лукашэнка арганізацыі "далі дабро" на ўласны цір у Мінскім раёне.
Менавіта для гэтага ціра кампаніі Алексіна дазваляюць мець больш за дваццаць аўтаматаў Калашнікава ў розных мадыфікацыях. Зрэшты, па ўказе Лукашэнкі комплекс адпачатку меў права валодаць баявой зброяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.