Калі заўтра вайна? Тут Расія можа напасці на NATO — рэпартаж з Сувалак

Готовятся ли Сувалки к войне с Россией

Сувалкі / Фота Rosół Mariusz / @rubanau_collage

"Можаце сабе ўявіць сцэнар, калі вы накіруеце расійскія войскі ў Польшчу?" — пытаецца Такер Карлсан у расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Кажучы "Польшча" амерыканскі журналіст хутчэй за ўсё мае на ўвазе канкрэтнае месца: Сувалкскі калідор. Гэта невялікі пярэсмык паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. У ім сутыкаюцца межы Літвы і Польшчы — і інтарэсы Расіі. У апошні час пра яго ўсё часцей гавораць у сувязі з... Трэцяй сусветнай вайной.

Журналісты нямецкага Bild са спасылкай на крыніцы пішуць, што ў бундэсверы разглядаюць сцэнар, пры якім менавіта праз Сувалкі Расія нападзе на краіны NATO. У бундэсверы кажуць, што гэта проста сцэнар вучэнняў.

І гэты ж сцэнар разглядаюць... у польскай студыі, якая распрацоўвае гульню пра вайну "Play of Battle". Падзеі пачынаюцца незадоўга да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — а потым па адным са сцэнароў вайна перакідаецца менавіта сюды, у Сувалкскі калідор.

Карэспандэнты Еўрарадыё вырашылі даведацца, як жывуць і што думаюць пра вайну мірныя Сувалкі.

 

"Якога суседа маем, такога маем"

Сувалкі — гэта невялікі горад у Польшчы. Да беларускага Гродна адтуль бліжэй, чым да найбліжэйшага буйнога польскага горада — Беластока. У цэнтры — пешаходная вуліца, шмат кавярняў. І вельмі спакойна.

Мы заходзім у бюро турыстычнай інфармацыі. У лютым тут мала турыстаў, затое летам усё будзе зусім іначай. Збяруцца госці папулярнага блюзавага фестывалю, пра які нагадваюць графіці і скульптуры на цэнтральнай вуліцы.

Репортаж из Сувалкского коридора

Сувалкі — сярэдні па памеры горад, тут вельмі чыста. Тут на працягу 15 хвілін можна дайсці ад дома да крамы, да месца працы... няма затораў, як у вялікіх гарадах тыпу Варшавы ці Труймяста, — кажа мясцовы жыхар Караль Швержбін.  — Турысты ў Сувалкі прыязджаюць галоўным чынам у пошуках цішыні і спакою, але яшчэ і прыроды. Ціхай, некранутай прыроды.

Украінка Ганна не шукала некранутай прыроды — толькі ціхага месца. Яна прыехала ў Сувалкі з Данецка.

Мы з'ехалі ў Кіеў 1 чэрвеня 2014 года. Ехалі на 2 тыдні з двума валізкамі, трыма дзецьмі, з купальнікамі... перачакаць гэты момант. Ну і вось да гэтага часу чакаем. За гэты час мы змянілі некалькі гарадоў. Я жыла ва Украіне, потым пераехала ў Польшчу, — расказвае Ганна.

Яна ўжо 7 гадоў жыве ў Сувалках:

Калі я прыехала, малодшай дачцэ было 9 гадоў. І мне спадабалася, што дзеці маглі спакойна ездзіць тут на ровары, вяртацца з танцаў у 9 вечара— а я дакладна ведала, што з імі не здарыцца нічога дрэнна. Тут няма крыміналу, усё спакойна, добразычліва, — дзеліцца з намі Ганна. — Тут вельмі лаяльнае стаўленне да людзей і ў прыватнасці — да ўкраінцаў. Колькі я тут жыву, ніводнага разу не сутыкнулася ні з якой дыскрымінацыяй. І дзеці мае, калі прыехалі сюды, адразу сталі, як свае.

У горадзе так спакойна, што нам нават трохі няёмка спыняць мясцовых жыхароў, каб спытаць:

— Дзе тут ёсць сховішчы на выпадак вайны?

Нашы суразмоўцы вельмі дзівяцца гэтаму пытанню. Яны грэюць рукі аб кубачкі з кавай, забіраюць дзяцей са школы, купляюць магніты ў сувенірнай краме — і думаюць пра што заўгодна, але не пра вайну.

У адказ на нашыя пытанні паціскаюць плячыма:

Калі б нешта пачалося сёння, хутчэй за ўсё, мы б не ведалі, куды ўцякаць. Ну хіба што ў падвал, — кажа адна з мясцовых жыхарак.

Іншая прызнаецца: сваім пытаннем мы яе напалохалі.

Для майго здароўя псіхічнага важна неяк фільтраваць гэтую інфармацыю, не ўсяму верыць, — кажа дзяўчына.

Многія свой спакой тлумачаць "пятым артыкулам NATO": калі на саюзніка альянсу нападуць, усё NATO пастараецца стаць на абарону.

Адна з жыхарак рэгіёна кажа, што гукі ваенных верталётаў, якія пастаянна патрулююць мяжу, выклікаюць у яе неспакой. Гэта не гукі вайны — але гэта гукі ваенных, і яны вельмі рэзануюць са звычайнай цішынёй некранутай прыроды гэтага рэгіёна.

У цэнтры турыстычнай інфармацыі нам кажуць, што горад, як і ўсе гарады на Сувальшчыне, імкнуцца падрыхтаваць да магчымай вайны. Не таму, што яе чакаюць — таму што немагчыма прадбачыць, што здарыцца.

Если завтра война? Здесь Россия может напасть на НАТО — репортаж из Сувалок
Сувальшчына / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Фота Rosół Mariusz

— І ужонд (выканкам. — Еўрарадыё), і гарадскія службы давалі жыхарам інфармацыю пра тое, дзе можна знайсці сховішча, — кажа наш суразмоўца Караль. —  Але я б не дэманізаваў бы значэнне Сувалкскага калідора. Палітыкі часта кажуць пра Сувалкскі калідор як пра вельмі небяспечнае месца на геапалітычнай карце, але тут трэба браць пад увагу не толькі тое, якіх маем суседзяў, але і тое, які маем ландшафт!

Тут ёсць Сувалкскі ландшафтны парк — гэта пасляледніковыя тэрыторыі. Шмат узгорыстых мясцін. А гэта далёка не ідэальны ландшафт для перамяшчэння войскаў.

 

Стаўленне да расіян

Пуцін кажа, што накіруе свае войскі ў Польшчу "толькі ў адным выпадку":

Калі з боку Польшчы будзе напад на Расію.

І пакуль Уладзімір Пуцін не абвінаваціў суседзяў у крыважэрнасці і нянавісці да расіян, мы распыталі мясцовых жыхароў, як усе гэтыя гады будаваліся адносіны з суседзямі з Калінінградскай вобласці.

Пакуль не было канфлікту ва Украіне, у нас былі нармальныя суседскія сувязі. Людзі з вобласці з задавальненнем прыязджалі да нас па пакупкі. Думаю, што іх прыцягваў і ўзровень жыцця ў Польшчы. Мы ўспрымалі адзін аднаго абсалютна нармальна. Мы таксама туды ездзілі. Для нас гэта крыху іншы свет, але, скажам, гэта не дэманстрацыя велічы або нізасці нейкай нацыі. У нас былі добрыя суседскія адносіны, — расказвае мясцовая жыхарка Тэрэза Швярубска.

Если завтра война? Здесь Россия может напасть на НАТО — репортаж из Сувалок
Труйстык, месца перасячэння межаў Польшчы, Расіі і Літвы / Rosół Mariusz

З ёй згодны і Караль:

Стасункі паміж звычайнымі людзьмі заўсёды былі добрыя. Звычайныя жыхары Калінінградскай вобласці, як і звычайныя жыхары Беларусі, невінаватыя, што маюць такіх кіраўнікоў ва ўладзе. Можам Расію як дзяржаву асудзіць за агрэсію, але гэта асуджэнне не трэба ўжываць да ўсіх жыхароў. Таму што яны ў гэтым невінаватыя.

У мясцовых Бедронках (папулярная сетка крам у Польшчы) расіян больш няма — уезд у Польшчу для жыхароў Калінінградскай вобласці, як і ў цэлым для ўсіх грамадзян Расіі, забаронены.

У пэўным сэнсе шкада. Таму што гэта вельмі геаграфічна блізкі ад нас рэгіён, зараз мяжа закрытая і няма шанцу на тое, каб усё змянілася, — кажа Тэрэза.

Размовы пра вайну, якая можа пачацца ў Сувалкскім калідоры, шанцы расіян у зноў "закупіцца ў Бедронцы" не павялічваюць.

 

"Не чакаю. Але я не чакала і ўварвання ў 2022-м"

Пра трэцюю сусветную, якая пачнецца ў Сувалкскім калідоры, загаварылі пасля публікацыі нямецкага выдання Bild. Журналісты апублікавалі сакрэтны дакумент Бундэсвера, у якім сур'ёзна разглядаецца сцэнар сутыкнення войскаў Пуціна і NATO.

Мы хацелі б назваць гэтую публікацыю "алярмісцкай", калі б не адно але. У лістападзе 2021 года той жа "Більд" напісаў, што праз некалькі месяцаў Расія нападзе на Украіну. І праз некалькі месяцаў…

— Тады яны злівалі свой інсайд. Інфармацыю аб планах, якія нібыта ёсць у генштаба Расіі з нагоды вайсковай аперацыі супраць Украіны. І тады многія "Більду" не паверылі. Ну як у вас гэтая інфармацыя наогул з'явілася? А па-другое — ну не можа быць, таму што вайны проста не можа быць. Але аказалася, што "Більд" меў рацыю, — кажа нам палітычны аналітык Павел Слюнькін. — Цяпер "Більд" выклаў гэтую карту, але яна не пра інсайд, а пра тое, як тэарэтычна будзе выглядаць гэтая вайсковая аперацыя Расіі, калі яна наважыцца пайсці вайной на NATO. І ў гэтым прынцыповая розніца.

Если завтра война? Здесь Россия может напасть на НАТО — репортаж из Сувалок
Сувалкі / Euroradio

Па сцэнару, які паводле звестак "Більд" разглядаюць у бундэсверы, у снежні 2024 года ў раёне "Сувалкскага калідора" адбываецца штучна зладжаны "памежны канфлікт" і "беспарадкі са шматлікімі ахвярамі".

Тады над "Більдам" многія смяяліся, цяпер з маіх знаёмых над "Більдам" ніхто не смяецца, — кажа Слюнькін. — І тое, што кантэкст нашай дыскусіі прыйшоў да разумення, што вайна Расіі і NATO — гэта не фантастычны сцэнар, а цалкам рэалістычная магчымасць у будучыні, пра гэта кажуць не проста аналітыкі, а лідары заходніх краін. І пры гэтым заклікаюць грамадства рыхтавацца да магчымай вайны з Расіяй. Гэта кажа пра многае. Як змяніўся свет за апошнія гады.

Ганна Самойленка, кіраўнік арганізацыі "Украінцы ў Сувалках", не чакае новай вайны і не думае пра яе, пакуль хто-небудзь не задае прамое пытанне. Гэтым разам "кім-небудзь" сталі журналісты Еўрарадыё:

Не думаю, што гэта здарыцца. Але хачу сказаць, я не думала, што здарыцца і ўварванне 2022 года.

Некалькі ўкраінак, якія знаходзяцца ў памяшканні арганізацыі, кажуць — добра, што вы ў мяне не спыталі. Мы робім выснову: не ўсе ўспрымаюць верагоднасць новага ўварвання таксама спакойна, як Ганна.

А вось што мяне сапраўды турбуе: мая машына ў рамонце. Што я магу зрабіць, калі мая машына ў рамонце? Як выязджаць? Калі б машына ў гаражы была, наогул бы не было праблем, — кажа Ганна.

 

Але ж Пуцін нагнятае?

Усяго за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Уладзімір Пуцін упэўніваў, што не рыхтуецца ні да якай вайны. Папракаў краіны NATO за іх рэзкую рэакцыю на перамяшчэнне расійскіх войскаў ля межаў Украіны. Высмейваў страхі таго, што Расія пойдзе вайной і на NATO.

Если завтра война? Здесь Россия может напасть на НАТО — репортаж из Сувалок
Загарода на мяжы Расіі / Rosół Mariusz

Зараз Пуцін не кажа пра вайну з Польшчай. "Калі толькі Польшча не нападзе першай". Але ён фактычна апраўдвае напад Адольфа Гітлера на Польшчу: паводле яго слоў, калі б Польшча "па-добраму" пагадзілася аддаць так званы "Польскі калідор", які звязваў Германію з Кёнігсбергам (цяпер — Калінінград), Другая сусветная вайна не пачалася б.

Мы папрасілі Паўла Слюнькіна растлумачыць, навошта Пуцін апелюе да Гітлера і да "калідора".

Калі Пуцін кажа пра Гітлера, ён намякае: калі б з Гітлерам дамовіліся, магчыма, і сусветнай вайны не было б. І гэта моцна мяняе нават расійскую гістарычную рыторыку. Раней яна заўсёды гучала інакш. Цяпер гэта апраўданне нацызму — палітыкі, якая з'яўляецца нават у пуцінскім рэжыме абсалютна незаконнай.

Ён параўноўвае гэтую сітуацыю ва Украіне з сітуацыяй паміж Германіяй і Польшчай. Вы змагаліся за нейкі Данцыг і Гданьск, а трэба было саступіць і дамовіцца, і мы б не страцілі дзясяткі мільёнаў жыццяў.

І ўсё ж: гэта намёк на тое, што не варта было змагацца за Украіну — ці што не варта змагацца за Сувалкі?

Пакуль, мне здаецца, яны гуляюць у інфармацыйныя кампаніі, спрабуючы высветліць, ці насамрэч NATO і саюзнікі будуць змагацца за кожны сантыметр перыметра альянсу. Гэта тэма, пра якую казалі многія ваенныя аналітыкі пасля нападу на Украіну. Маўляў, а што, калі б вайна пачалася не супраць Украіны, а супраць балтыйскіх краін? ЗША апынуліся б перад выбарам — дасылаць свае войскі змагацца, рызыкуючы пачаць ядзерную вайну, ці замарозіць фронт, не дасылаць амерыканцаў адбіваць гэтыя тэрыторыі? Магчыма, такім чынам Пуцін даказаў бы, што пяты артыкул NATO не працуе.

Если завтра война? Здесь Россия может напасть на НАТО — репортаж из Сувалок
Рэгіён Сувалак / Rosół Mariusz

Зараз яны спрабуюць праверыць, ці збіраюцца Злучаныя Штаты змагацца за кожны дзюймя тэрыторыі NATO, як пра гэта кажа Байдэн, — мяркуе Павел Слюнькін.

Вернемся да "Play of Battle". Гэтай восенню гульню анансавалі і ў цэнтры Варшавы паказалі некалькі кадраў з яе. Галоўны прынцып "Play of Battle" —  сваім выбарам гулец можа паўплываць на развіццё падзей.

Мы спыталі Слюнькіна пра тое, які выбар могуць зрабіць краіны NATO, каб не дапусціць сусветнай вайны.

— У Расіі пакуль няма магчымасці весці гэтую вайну. Але калі мы будзем бачыць, што еўрапейскія краіны і іх ВПК непадрыхтаваныя (а з 2022 года яны не асабліва нешта змянілі, не змаглі выканаць нават свае даволі мінімалістычныя чаканні па вырабе ваеннай тэхнікі і снарадаў для Украіны), Расія будзе адчуваць, што ў яе з'яўляецца больш стымулаў для нападу.

І тады мы зноў пабачым з'яўленне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Яны ўжо будуць не на паўднёвай мяжы, а бліжэй да заходняй. І па гэтых сігналах можна будзе зразумець, што нешта рыхтуецца.

Гэтых маячкоў, сігналаў мы ўбачым яшчэ вельмі шмат. Але пакуль Расія ўсё яшчэ пад Аўдзееўкай.

Праз тыдзень пасля нашага інтэрв'ю з Паўлам Слюнькіным Расія захапіла Аўдзееўку.

 

Жураўлі прыляцелі

Мы прыехалі да Труйстыка — месца, дзе сутыкаюцца межы Польшчы, Літвы і Расіі. Год таму гэтае месца выглядала інакш. Расія, як і зараз, была абнесеная плотам, але цяпер плот стаў вышэйшым, большым і страшнейшым.

Гэты плот — наступства міграцыйнага крызісу.

Жахліва, — кажа Росул.

Ён нарадзіўся ў Сувалках. Ён не верыць, што Пуцін наважыцца напасці на Польшчу і паспрабуе захапіць Сувалкскі калідор. Пакуль мы едзем да Труйстыка, Росул звяртае нашу ўвагу на ландшафт: вакол суцэльныя пагоркі і нізіны. Зручна для абароны і зусім нязручна для нападу, кажа ён.

У тым месцы, дзе перасякаюцца тры мяжы, стаяць указальнікі, якія адмяраюць адлегласць да сталіц кожнай з трох краін. Турыстаў тут сёння няма.

Если завтра война? Здесь Россия может напасть на НАТО — репортаж из Сувалок
На мяжы Польшчы, Літвы і Расіі / Euroradio

— Глядзіце, журавы! — Росул звяртае нашу ўвагу на поле. — Журавы прыляцелі. Значыць, зіма ўжо скончылася. Вось бы яшчэ і вайна скончылася.

 

Пры падтрымцы Медыясеткі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі