Пяты артыкул НАТА: што азначае і калі ўжываўся?
Генеральны сакратар НАТА / Globeecho
Прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер заявіў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю старанна аналізуецца, каб у адпаведны момант падняць пытанне аб запуску чацвёртага артыкула НАТА.
Ён прадугледжвае правядзенне надзвычайных кансультацый, калі адна з краін альянсу лічыць, што ёсць пагроза яе незалежнасці, цэласнасці або бяспецы.
"Дай бог, каб гэта не быў пяты артыкул", — дадаў Мюлер.
Што азначае ўжыванне пятага артыкула НАТА?
Пяты артыкул НАТА прадугледжвае прынцып калектыўнай абароны. Гэта значыць, напад на аднаго з сябраў НАТА будзе разглядацца як напад на ўсіх сябраў альянсу.
Калі такое адбудзецца, кожная краіна ў парадку ажыццяўлення права на індывідуальную ці калектыўную абарону дапаможа ахвяры агрэсіі, у тым ліку з прымяненнем узброенай сілы.
Калі пяты артыкул ужываўся?
Упершыню за сваю гісторыю НАТА ўжыла пяты артыкул пасля тэрарыстычных актаў, учыненых 11 верасня 2001 года супраць ЗША.
Таксама НАТА прымала меры калектыўнай абароны некалькі разоў па запыце Турцыі. Напрыклад, гэта было разгортванне ЗРК "Патрыёт" у часе вайны ў Персідскім заліве ў 1991 годзе, комплекс абарончых мер і правядзенне аперацыі "Дысплей дэтэрэнс" у часе крызісу ў Іраку ў 2003 годзе і разгортванне ЗРК "Патрыёт" у адказ на сітуацыю ў Сірыі ў 2012 годзе.
Пакуль што магчымасць прымянення пятага артыкула ў дачыненні да Беларусі не агучвалася. Але генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг не раз заяўляў, што "ўважліва сочыць за сітуацыяй на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама за сканцэнтраваннем расійскіх войскаў на мяжы з Украінай".
— Тое, што мы бачым, — гэта складаная сітуацыя на мяжы паміж ЕС і Беларуссю і каласальны рост ваеннай моцы Расіі ў непасрэднай блізкасці. Расія выкарыстала гэты метад у мінулым для правядзення агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны.
Расійскае МЗС ужо назвала жаданне Варшавы падключыць НАТА да вырашэння міграцыйнага крызісу "правакацыйным і небяспечным".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.