У РБ адкрылі пасля рэканструкцыі пункт пропуску, які з польскага боку закрыты

"Бераставіца" ў лютым 2025-га / t.me/pul4region/
У Беларусі адкрылі пасля рэканструкцыі (на яе выдаткавалі 31 млн рублёў) пункт пропуску "Бераставіца", які з польскага боку закрыты ўжо тры гады. Прапагандысты рапартуюць, што там "створаны выдатныя ўмовы для працы памежнікаў і мытнікаў" і "камфортныя ўмовы для перасячэння мяжы". Падкрэсліваецца, што рух прыпынены "з ініцыятывы польскага боку", а пра прычыну такога рашэння не згадваецца.
Пункт пропуску "Баброўнікі" (з беларускага боку — "Бераставіца") быў закрыты 10 лютага 2023-га пасля аб'яўлення ў РБ прысуду журналісту-палітвязню Анджэю Пачобуту (8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму). Ён дагэтуль за кратамі.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі летась патлумачыў, чаму немагчыма адкрыць згаданы пункт пропуску. Паводле яго слоў, польскія ўлады спыняе сітуацыя ў дачыненнях з Беларуссю, паколькі ідзе гібрыдная вайна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.