Сікорскі патлумачыў, чаму немагчыма адкрыць пункт пропуску ў Баброўніках
Баброўнікі
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі патлумачыў, чаму немагчыма адкрыць пункт пропуску ў Баброўніках (з беларускага боку — пункт пропуску "Бераставіца") на мяжы з Беларуссю. У траўні прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск не выключаў яго адкрыцця. Аднак, па словах Сікорскага, польскія ўлады спыняе сітуацыя ў дачыненнях з Беларуссю, паколькі ідзе гібрыдная вайна.
"Я б таксама хацеў, каб гэтая мяжа была ў зусім іншым стане, — цытуе словы Сікорскага pap.pl. — ...Цяпер у Беларусі адбываюцца найбуйнейшыя рэпрэсіі ў гісторыі гэтага рэжыму. Таму, на жаль, мне вельмі шкада, таму што я таксама хацеў бы, каб нашы прадпрымальнікі маглі весці нармальную дзейнасць, але менавіта Лукашэнка з Пуціным знаходзяцца ў гібрыднай вайне з Еўропай, а не наадварот".
Міністр адзначыў, што Польшча стала аб'ектам найбуйнейшай гібрыднай атакі за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў: "Ёсць падпалы, кібератакі, шпіянаж".
Памежныя пераходы на мяжы Падляскага ваяводства і Гродзенскай вобласці пачалі закрывацца ў 2021 годзе праз міграцыйны крызіс, штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Прапускны пункт у Баброўніках спыніў працу 10 лютага 2023 года — так польскія ўлады адрэагавалі на палітычны прысуд актывісту польскай меншасці ў Беларусі, журналісту, палітвязню Анджэю Пачобуту. Летась умовай яго адкрыцця называлася вызваленне ў РБ Пачобута.
Туск казаў у траўні, што магчымае адкрыццё пункту пропуску на мяжы не варта інтэрпрэтаваць як жэст у бок рэжыму Лукашэнкі. Гэта хутчэй рэакцыя на просьбы польскага памежнага бізнесу, які гэтай вясной выступіў за аднаўленне руху на мяжы з Беларуссю. Ён нясе значныя страты. Улады аказваюць яму падтрымку.
У панядзелак стала вядома, што Польшча перанесла ўвядзенне 200-метровай буфернай зоны на мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.