Беларуса і ўкраінца ў Польшчы будуць судзіць за перавозку мігрантаў

Беларуса і ўкраінца затрымалі за перавозку мігрантаў, ілюстрацыйнае фота / Strazgraniczna.pl
Беларус і ўкраінец перавезлі ад беларуска-польскай мяжы да Германіі дзясяткі мігрантаў. Але цяпер мужчыны трапілі пад суд, ім пагражае да васьмі гадоў турмы.
34-гадовы беларус Іван Б. і 51-гадовы ўкраінец Аляксей В. у 2024 годзе з траўня па верасень перавозілі замежнікаў, якія нелегальна пераходзілі беларуска-польскую мяжу, піша MOST. Абвестку, якая прапаноўвала гэтую працу, яны знайшлі ў інтэрнэце і вырашылі падзарабіць. Нявыяўленыя асобы перадавалі мужчынам каардынаты месцаў у памежнай паласе, дзе тыя мусілі забіраць мігрантаў.
За некалькі месяцаў беларус з украінцам зрабілі больш за дзясятак рэйсаў і перавезлі не менш як некалькі дзясяткаў мігрантаў.
Але падчас адной з паездак імі зацікавімліся польскія памежнікі. Неўзабаве палякі заўважылі, як з лесу выбеглі два чалавекі. Выявілася, што гэта былі грамадзяне Сірыі. Разам з яшчэ дзесяцю суайчыннікамі яны пераплылі на пантоне праз Буг. Яны накіроўваліся да таго месца, дзе іх чакалі перавозчыкі. Адправіцца далей ім перашкодзілі памежнікі.
Цяпер Іван Б. і Аляксей В. перабываюць у ізалятары і чакаюць суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.