Канцэрт Алеся Дзянісава забаранілі, не праслухоўваючы песень?

Канцэрт Алеся Дзянісава забаранілі, не праслухоўваючы песень?

6 верасня лідар гарадзенскага гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў мусіў прэзентаваць у Мінску сольную акустычную праграму "Кароткая гісторыя Беларусі", на вершы паэта Алеся Чобата. Але ў Мінгарвыканкаме не дазволілі імпрэзу, спаслаўшыся на пункт 1.3 артыкула 215 Кодэкса Беларусі аб культуры: “Заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананняў, прадугледжаных праграмай культурна-відовішчнага мерапрыемства".

“Ніхто мне ў выніку не патлумачыў, што за мастацкі савет, адкуль ён узяўся і чаму менавіта ён раптам вырашае, а не слухачы, ― здзіўляецца арганізатар канцэрта Сяргей Будкін. ― Ды і ўвогуле незразумелы механізм гэтых праслухоўванняў. Бо яны запрасілі ў мяне дадаткова тэксты. Я ім прынёс тэксты Алеся Чобата. І паводле тэкстаў яны зрабілі выснову пра нізкі мастацкі ўзровень выканання. Я вось тут не разумею… Дзянісава ж не запрашалі на праслухоўванне…”

 

Старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Павел Скалабан, чый подпіс стаіць на адмове ў гастрольным пасведчанні, за тыдзень сталых спробаў так і не пажадаў патлумачыць сітуацыю арганізатарам. Еўрарадыё таксама паспрабавала звязацца са спадаром Скалабанам і яго падначаленымі, але безвынікова. Пагутарыць атрымалася толькі з намеснікам старшыні ўпраўлення культуры Аляксандрам Шастаковым:

“Калі вас цікавіць праца мастацкага савета, то паглядзіце пункт 7 артыкула 214 Кодэкса аб культуры, ― прадказальна “парыруе” пытанне чыноўнік. ― У адпаведнасці з ім гэты мастацкі савет ставараўся. Працу савета я не маю права каментаваць. Людзі, якія ўваходзяць у яго склад, абмяркоўвалі пытанне і выносілі рашэнне”.

Каб даведацца імёны тых, хто ўваходзіць у мастацкі савет па культурна-відовішчных мерапрыемствах пры ўпраўленні ідэалогіі, Аляксандр Шастакоў параіў даслаць афіцыйны зварот. “І тое, мы падумаем, ці варта вам агучваць іх імёны”, ― рэзюмаваў чыноўнік.

Еўрарадыё патэлефанавала прадстаўнікам камісіі пры Міністэрстве культуры, якая аналізуе творчасць беларусаў і вырашае, ці вартыя яны атрымаць статус творчай асобы. Але хвастоў мастацкага савету пры Мінгарвыканкаме так і не знайшлі. Навошта чыноўнікі засакрэцілі склад савета, калі ён увогуле існуе, незразумела.

"Тут трэба абазначыць і заявіць, што адбываюцца нейкія абсалютна незаконныя дзеянні, каб проста ўпісаць імёны адказных за гэта людзей у гісторыю, — распавядае Сяргей Будкін. — Натуральна, што мне хочацца спадзявацца на справядлівасць. Але падаваць у дзяржаўны суд на дзеянні дзяржаўных службоўцаў выглядае досыць сумнеўна. Думаю, што яны проста зробяць гэтае заключэнне [хто, калі і як прызнаў Алеся Дзянісава выканаўцам нізкага мастацкага ўзроўню. — Еўрарадыё], паставяць пад ім нейкую ранейшую дату і скажуць: "Вось яно". У кожным разе, гэта нагода высветліць механізм працы гэтага савета, і хто ў яго ўваходзіць".

Нягледзячы на тое, што альбом  "Кароткая гісторыя Беларусі" ляжыць у вольным доступе ў інтэрнэце, Сяргей перакананы, што ніхто з упраўлення культуры яго не праслухоўваў. Справа тут у негалоснай забароне гурта Dzieciuki і ўласна Алеся Дзянісава. Калі ж на думку ідэолагаў “нізкі мастацкі ўзровень” маюць менавіта тэксты Алеся Чобата, то гэта ўжо плявок у бок Саюза беларускіх пісьменьнікаў, сябрам якога паэт з’яўляецца з 1993 года.

Цяпер Сяргей Будкін накіраваў іск ў Эканамічны суд, у якім ёсць дзве просьбы: прызнаць дзеянні ідэолагаў незаконнымі і абавязаць іх выдаць гастрольнае пасведчанне на любую прымальную для арганізатараў дату. У сваю чаргу, Еўрарадыё даслала афіцыйны запыт у Мінгарвыканкам з просьбай назваць імёны тых, хто вырашае, якую музыку слухаць мінанам, таму сачыце за працягам тэмы на нашай старонцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі