"Канфлікт ва Украіне выявіў — да 40% беларусаў хочуць незалежнай Беларусі"

Еўрарадыё: Апытанне НІСЭПД традыцыйнае, тым не менш, чым апытанне вераснёўскае адрозніваецца ад папярэдніх?

Алег Манаеў: Верасень дадаў шмат новых высноў. Ужо вясной і летам стала відавочна, што ўкраінскія падзеі пачынаюць значна трансфармаваць грамадскую свядомасць у Беларусі. Не толькі асноўнай масы грамадзян, але нават і ўладаў. А чым далей у лес, тым болей дроваў, мы вырашылі больш падрабязна паглядзець, як гэты фактар дзейнічае

Еўрарадыё: І які прагноз можна зрабіць з таго, што большасць беларусаў лічыць, што Расія не анексавала, а “вярнула” сабе Крым, што на Данбасе Кіеў “Вядзе вайну супраць свайго народа” і што там не тэрарысты, а “апалчэнцы”?

Алег Манаеў: У мяне гэтыя адказы не выключаюць ніякага страху ці хвалявання. Разумееце, самае галоўнае — бачыць рэальную карціну. І з гэтага пункту гледжання расстаноўкі ў грамадскім меркаванні, стащленне да ўлады, да Усходу і Захаду, да саміх сябе, да эканамічнага самаадчування ў сувязі з украінскімі падзеямі становяцца больш… выпуклымі. Таму я, хутчэй, адчуваю дадатковы аптымізм, а не песімізм. Трэба глядзець на агульную карціну. Сапраўды, тое, як глядзіць большасць беларусаў на падзеі ва Украіне, блізка да расійскай парадыгмы, расійскай прапаганды. Можна на гэтым зацыкліцца. Але ж ёсць і іншыя адказы, на якія тыя ж дыпламаты найперш звяртаюць увагу: “Калі б расійскае кіраўніцтва звярнулася да беларускага з просьбай прапусціць яе войскі праз нашу тэрыторыю ва Украіну”… Які адказ? Амаль 77% адказалі — “Не!” Пераважная большасць беларусаў выказаліся супраць таго, каб нашы грамадзяне ваявалі ва Украіне на любым з бакоў. Такая ж сітуацыя ў дачыненні стаўлення беларусаў наконт размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі.

Звыш 60% беларусаў кансалідуюцца вакол пазіцыі беларускай улады, што яшчэ год таму не было такім відавочным. А з іншага боку, мы бачым рэзкае дзяленне астатніх 40% беларусаў — каля 14% гатовыя сустрэць Расіяю хлебам і соллю, калі яна прыйдзе сюды, і амаль столькі ж арыентаваныя на Захад, на еўрапейскія каштоўнасці і прыход Расіі сустрэлі бы са зброяй у руках. Плюс у тым, што стала больш зразумелая карціна беларускага соцыюма.

Еўрарадыё: Нешта лічба гатовых змагацца за незалежнасць Беларусі не настройвае на аптымізм…

Алег Манаеў: Гэта кожны чацвёрты! Не факт, што ўсе з гэтага мільёна беларусаў сапраўды возьмуць у рукі зброю, але яны так бачаць! Да ўсяго, хачу звярнуць увагу на адказ на іншае пытанне: “А што калі NATO сюды прыйдзе?”. Амаль 26% апытаных сказалі, што гатовыя супраціўляцца са зброяй у руках, амаль 40% прыстасаваліся б і 10% сустрэлі бы з радасцю — адказы амаль такія ж як і ў выпадку з Расіяй. Гэта сведчыць пра тое, што ў беларусаў за 23 года сфармавалася пачуццё нечага свайго: дзяржаўнасці ці грамадзянскай супольнасці, гэта ўжо пытанне іншае. І вы ж разумееце, што гэта не адны і тыя ж людзі, якія супраціўляліся б тым альбо тым. Мы можам казаць пра тое, што дзесьці 40% беларусаў так бачаць — яны хочуць жыць у сваёй краіне, у сваёй дзяржаве. Гэта вялікае дасягненне, і я не бачу падстаў для песімізму.

Еўрарадыё: Як “украінская тэма” паўплывала на пазіцыю беларусаў па іншых пытаннях?

Алег Манаеў: Значна, і прычым, на ўсе аспекты: беларусы памянялі сістэму прыярытэтаў. калі раней на першым месцы былі асабістае жыццё, самаадчуванне, то цяпер на першыя месцы выйшлі бяспека і стабільнасць. Украінскія падзеі ўвогуле адыгралі ў беларускім соцыюме ролю пэўнага крысталізатара. І калі праз пэўны час сітуацыя ў суседняй краіне нейкім чынам вырашацца, то спадзявацца, што ўсё ў беларускім грамадстве вернецца назад, гэта наўрад ці. У пэўных момантах вяртанне магчымае, але цалкам сітуацыя не вернецца на “колы свае”. У такія крытычныя моманты людзі разумеюць, як яны на самой справе ставяцца ды тых ці іншых пытанняў. І потым гэтае разуменне проста схаваць у кішэню ўжо не магчыма. І тут важнае пытанне, як гэтую крысталізацыю розным сілам выкарыстаць для дасягнення сваіх палітычных, культурных ці іншых мэтаў. Гэта цяпер галоўнае. А не абмяркоўваць: застануцца такія паказчыкі на такім узроўні ці не, колькі яны пратрымаюцца, паўгода ці год. Як каваць жалеза пакуль яно гарачае — вось ключавое пытанне.

Еўрарадыё: Гляджу, нават ў пытанні эканамічнага самаадчування беларусы на першае месца сёння выносяць бяспеку: маўляў, гатовыя цярпець. Гэта надоўга, як лічыце?

Алег Манаеў: Сапраўды, што мы мелі раней? Чым горшае ў насельніцтва эканамічнае самаадчуванне, тым ніжэйшы рэйтынг у кіраўніка краіны, даверу ўладзе і гэтак далей. Дык вось, цяпер гэтая сувязь парвалася. І я не ведаю, колькі гэта працягнецца. Пакуль трэнд на тое, што гэты разрыў будзе захоўвацца. Але ўжо апытанні, як у Беларусі, так і ў Расіі сведчаць, што слёзы на вачах пачынаюць з’яўляцца. Гэта азначае, што падтрымліваць стан, калі сістэма прыярытэтаў змянілася і на першае месца выскачылі такія пытанні як бяспека, стабільнасць, замяніўшы асабістае эканамічнае самаадчуванне, будзе складана.

Еўрарадыё: Напрыклад, як гэтым момантам можа скарыстацца апазіцыя, рэйтынг якой працягвае падаць?

Алег Манаеў: Трэба павярнуць галаву да рэчаіснасці. Незалежна ад таго, якія пачуцці ў тваёй душы яна выклікае. Сёння нельга прытрымлівацца тых пазіцый, якія былі ў нас закладзеныя на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Не можа быць пазіцыя: усё вакол чорна-белае, няма адценняў падчас вайны, са сцягам — толькі наперад! Калі выявіцца, што ў нас большсць палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў, моладзевых, рэлігійных ды іншых лідараў прытрымліваецца менавіта такой пазіцыі, то ў бліжэйшы час, і ў 2015 годзе, гэты разрыў паміж незалежным грамадствам і асноўнай часткай беларускага грамадства будзе толькі павялічвацца. У выніку гэта ператворыцца ў чысты маргінэз. Не толькі палітычны, але і культаралагічны, медыйны, навуковы. Мы з вамі наўрад ці б хацелі жыць у гета.

Еўрарадыё: Якім вам бачыцца гэты выкрышталізаваны беларус?

Алег Манаеў: Тая карціна, якую малюе нам цягам звыш 20 гадоў улада, кажучы за ўвесь амаль 10 мільённы беларускі народ, не адпавядае рэчаіснасці. Але і карціна, што нам малююць з канца 80-х пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, што ўвесь гэты народ накрылі Расія, Лукашэнка, Лубянка яшчэ халера ведае што, і яны толькі і чакаюць эскадрыльі NATO, якая прыляціць і іх вызваліць — такая ж няпраўда. Трэба з гэтага сыходзіць і глядзець рэальны расклад. І мы ўбачым, што ў Беларусі вельмі значныя абодва гэтыя крылы народнай душы. Адно крыло — еўразійскае, другое — еўрапейскае. У кожным каля мільёна чалавек. Прасцей — каля мільёна выбаршчыкаў. А гэта дае такім людзям, як мы з вамі, якія хацелі б бачыць Беларусь еўрапейскай краінай, падставы не проста для аптымізму. Тут ёсць рэальная перспектыва: пры пэўным раскладзе ёсць глеба для таго, каб краіна абрала менавіта гэты вектар. Нягледзячы на досвед апошніх 20 гадоў. Але і ў тых людзей, якія “іншыя віды на ўраджай маюць”, таксама ёсць такая ж глеба. Нам трэба мець гэта на ўвазе і адпаведна працаваць. І я, да прыкладу, з вялікай доляй верагоднасці мяркую, што падчас будучай прэзідэнцкай кампаніі можа з’явіцца кандыдат. Я кажу пра палітыка з апазіцыйнага асяродку, скіраванага за заваяванне галасоў гэтай еўразійскай часткі беларускага грамадства.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі