Хто пераможа на прэміі "Оскар’24" — прагноз Еўрарадыё

Хто атрымае "Оскар"?

Хто атрымае "Оскар"? / @rubanau_collage

Раніцай 11 сакавіка кінаманы з усяго свету будуць ведаць, якія фільмы і каго з кінематаграфістаў галівудскія кінаакадэмікі палічылі найлепшымі за мінулы сезон. 

Пакуль інтрыга трывае, Еўрарадыё адглядзела ўсе стужкі з шорт-ліста "Оскара", прааналізавала вядомыя крыніцы — і прапануе чытачам уласны прагноз на вынікі 96-й цырымоніі Амерыканскай кінаакадэміі ў галоўных (але не ва ўсіх) намінацыях.

Расклад сілаў

На першы погляд спіс патэнцыйных фаварытаў "оскараўскай" гонкі выглядае відавочным. Маўляў, у каго больш намінацый — той і перамог. 

У самым топе — старамодная часткова чорна-белая біяграфічная драма "Опенгеймер", у якой рэжысёр Крыстафер Нолан расказаў гісторыю "Манхэтанскага праекта" і стварэння амерыканцамі першай ядзернай бомбы — у яе 13 намінацый. 

У патыліцу брытанскаму пастаноўшчыку з 11 намінацыямі дыхае грэцкі візіянер Ёргас Лантымас. Яго барочная і сексуальна разняволеная экранізацыя аднайменнага рамана Аласдэра Грэя "Бедныя-няшчасныя" ўжо заваявала Венецыянскі кінафестываль, "Залаты глобус" і "Бафту" (прэмія Брытанскай кінаакадэміі).

Хто пераможа на прэміі "Оскар’24" — прагноз Еўрарадыё
Сёлетнія акторы-намінанты / Калаж The Hollywood Reporter

Трохі адстае ад Лантымаса гістарычная антыкаланіяльная трагедыя "Забойцы Кветкавага Месяца" пра мэтанакіраванае забойства заможных індзейцаў сквапнымі белымі амерыканцамі. Яго аўтар — класік амерыканскага кіно Марцін Скарсэзэ, якому кінаакадэмікі "адсыпалі" 10 намінацый. 

Недзе ў хвасце плятуцца фемінісцкі блакбастар пра жывую ляльку "Барбі" Грэты Гервіг (8 намінацый) і біяграфічная драма пра жыццё піяніста Леанарда Берстайна "Маэстра" Брэдлі Купера (7 намінацый).

Але насамрэч колькасць намінацый і перамог на міжнародных прэміях яшчэ не прагназуюць поспех праекта на "Оскары". 

Для дакладнага прагнозу варта сачыць, якія стаўкі на намінантаў даюць букмекерскія кампаніі. Ёсць і больш прафесійны падыход — дачакацца канца сезона ўзнагарод прафесійных гільдый Галівуда: актораў, сцэнарыстаў, рэжысёраў, тэхнічных супрацоўнікаў. 

Большасць прафесіяналаў з гэтых гільдый галасуе потым на "Оскары" ў адпаведнай намінацыі. І гэтыя вынікі часта спраўджваюцца.

А цяпер — абяцаны прагноз.

"Найлепшы фільм"

Хто пераможа на прэміі "Оскар’24" — прагноз Еўрарадыё

Постар фільма "Опенгеймер" / NBCUniversal

Постар фільма "Опенгеймер" \ NBCUniversal

Хто пераможа: "Опенгеймер" Крыстафера Нолана

Чаму: Асаблівасць "Оскара" як прэміі — у тым, што акадэмікі не столькі ўзнагароджваюць добрае амерыканскае кіно, колькі ствараюць трэнды, адлюстроўваюць складаную рэчаіснасць глабальнага свету. І фільм пра жах ядзернай вайны, пралогам да якой робіцца сюжэт “Опенгеймера”, сёння болей чым актуальны.

"Найлепшая мужчынская роля"

Хто пераможа: Кіліян Мэрфі за "Опенгеймер"

Чаму: У ірландскай зоркі серыяла “Вострыя брылі” гэта першая і, хутчэй за ўсё, пераможная намінацыя ў кар’еры. Кіліян Мерфі ў вялікім кіно доўгі час задавольваўся другім планам, але ўжо даўно даказаў, што яго акторская праца заслугоўвае самай высокай адзнакі.

"Найлепшая жаночая роля"

Хто пераможа: Лілі Глэдстоўн за “Забойцаў Кветкавага Месяца”

Чаму: У без зніжак шэдэўральнай працы Скарсэзэ — моцны акторскі склад з ліку мужчын: Леанарда Ды Капрыа, Роберт Дэ Ніра, Джэсі Племанс. Але ўзнагароду заслугоўвае заціснуты ў цень акторскі перформанс Лілі Глэдстоўн, што грае гераіню-індыянку, якую хоча звесці са свету яе ганебны муж.

"Найлепшая мужчынская роля другога плана"

Хто пераможа: Роберт Даўні-малодшы за "Опенгеймер"

Хто пераможа на прэміі "Оскар’24" — прагноз Еўрарадыё
Спявачка Білі Айліш / The Hollywood Reporter

Хто пераможа: Білі Айліш за песню "What Was I Made For?" з "Барбі"

Чаму: Актывісцкі блакбастар Грэты Гервіг хутчэй за ўсё "пракацяць" на "Оскары" па ўсіх франтах, але спявачка Білі Айліш дакладна атрымае ўзнагароду. Яе чуллівая і мяккая песня, створаная для "Барбі", прэтэндуе на званне ціхага гімну актыўных дзяўчат.

"Найлепшы поўнаметражны анімацыйны фільм"

Хто пераможа: "Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў"

Чаму: Канкурэнцыя ў гэтай катэгорыі моцная (працы Міядзакі і студыі "Піксар", анімацыйны шэдэўр "Сабака і робат"), але перамогу хутчэй за ўсё атрымае працяг супергеройскага кінакомікса пра сталенне цемнаскурага Чалавека-павука. Першы фільм "Чалавек-павук: Праз сусвет" шэсць гадоў таму таксама атрымаў узнагароду.

"Найлепшы фільм на замежнай мове"

Хто пераможа: "Зона інтарэсаў" Джонатана Глэйзера

Чаму: Канцэптуальны фільм пра Халакост, паказаны з ракурса размеранага буржуазнага жыцця каменданта "Асвенціма" Рудольфа Хёса і яго вялікай сям’і. Іх раскошны дом і сад, пабудаваны за сцяной канцлагера, фактычна існуюць за кошт масавага знішчэння яўрэяў.

"Найлепшыя візуальныя эфекты"

Хто пераможа на прэміі "Оскар’24" — прагноз Еўрарадыё
Кадр з фільма "Godzilla Minus One" / Toho studios

Хто пераможа: “Godzilla Minus One”

Чаму: Амерыканскія блакбастары — разыходзьцеся, японскі хіт ідзе. “Гадзіла” чарговы раз даказвае, што для стварэння пераканаўчых і натуральных спецэфектаў не абавязкова мець бюджэт, як у "Вартаўнікоў галактыкі-3".

"Найлепшыя грым і прычоскі"

Хто пераможа: "Маэстра"

Чаму: Нос і зморшчыны на твары Брэдлі Купера, які грае кампазітара Леанарда Берстайна, — гэта галоўная прычына, чаму ўвогуле варта глядзець гэта поснае і кансерватыўнае кіно. За тое і ўзнагарода.

"Найлепшы дызайн касцюмаў"

Хто пераможа: "Бедныя-няшчасныя"

Чаму: Калі вы глядзелі гэты смелы і нахабны фільм Лантымаса, то вам напэўна ў памяць урэзаліся неверагодныя сукенкі, у якіх фарсіць гераіня Эмы Стоўн. Супраціўляцца такой прыгажосці няма ніякіх сіл.

"Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм"

Хто пераможа: "20 дзён у Марыупалі” Мсціслава Чарнова

Чаму: Пакуль што гэта самы значны, эмацыйна насычаны і глабальна прадстаўлены фільм пра вайну ва Украіне. Журналіст Мсціслаў Чарноў зрабіў неверагоднае, зафіксаваўшы трагедыю знішчэння расіянамі Марыупаля і яго жыхароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі