Хто загінуў і чыя ракета: што СМІ пісалі пра трагедыю ў польскім Пшэводаве
Сцяг Польшчы / pixabay
У другі дзень правядзення саміту "Вялікай дваццаткі", які праходзіць у гэтыя дні на Балі, сусветным лідарам прыйшлося рана прачнуцца. BBC публікуе фатаграфіі заспаных прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і дзяржсакратара Энтані Блінкена, якія штосьці засяроджана чытаюць на экранах тэлефонаў.
Яны не спяць праз навіны з Польшчы. Каля трох гадзінаў дня, у аўторак, у вёсцы Пшэводаў у 10 кіламетрах ад расійскай мяжы, адбыўся выбух. Два чалавекі загінулі. Медыя і палітыкі імкнуцца быць акуратнымі ў фармулёўках, таму што недакладная фармулёўка пагражае "трэцяй сусветнай".
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў суайчыннікаў захоўваць спакой. Лідары G7 і NATO, якія прысутнічалі на саміце G20, тэрмінова сустрэліся, каб абмеркаваць тое, што здарылася. Мы прачыталі, што пішуць пра тое, што адбылося, сусветныя медыя і коратка пераказваем вам.
Чыя ракета?
Для расейскага амбасадара ў Польшчы ноч таксама была трывожнай. Яго выклікалі ў польскае МЗС і запатрабавалі неадкладных тлумачэнняў. Сустрэча доўжылася чатыры хвіліны і ніхто нікому не падаў рукі, расказвае Польскі інфармацыйны партал Onet.
У Польшчы няма пераканаўчых довадаў таго, хто выпусціў ракету, якая выклікала выбух у вёсцы недалёка ад мяжы з Украінай, цытуе прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду агенцтва Reuters.
Расея адмаўляе сваю датычнасьць да таго, што здарылася. І Джо Байдэн, адказваючы на пытанне журналістаў, сказаў, што"малаверагодна, што ракета была выпушчаная з Расіі".
"Я не хачу рабіць папярэдніх высноў, пакуль мы цалкам не высветлім гэта, але з пункту гледжання траекторыі вельмі малаверагодна, што ракета была запушчаная з тэрыторыі Расіі", — сказаў прэзідэнт ЗША.
Інфармацыйнае агенцтва Associated Press са спасылкай на трох неназваных афіцыйных асоб ЗША піша, што ракета магла быць выпушчаная Украінай, калі сістэмы СРА спрабавалі збіць запушчаныя над тэрыторыяй краіны расійскія ракеты.
Учора з боку Расеі па тэрыторыі Украіны былі выпушчаныя дзясяткі ракет. Украінскія вайскоўцы падлічылі, што іх было больш за 90.
Дапамагчы ў расследаванні могуць дадзеныя з самалёта NATO, які ўчора пралятаў над тэрыторыяй Польшчы. Сцвярджаецца, што яму ўдалося зафіксаваць траекторыю палёту ракеты. Інфармацыю з радараў перадалі ў Варшаву, піша CNN.
Рэакцыя Польшчы
Польскі прэм'ер паабяцаў, што сем'ям загінулых будзе аказана дапамога. У стан павышанай гатоўнасці прывялі паліцыю, пагранвойскі, спецслужбы.
— Я заклікаю ўсіх палякаў захоўваць спакой у сувязі з гэтай трагедыяй. Давайце будзем уважлівыя. Давайце не будзем маніпуляваць. Мы павінны кіравацца стрыманасцю і разважлівасцю.
Я заклікаю ўвесь палітычны клас да стрыманасці і адказнасці. У гэтыя цяжкія моманты мы павінны прадэманстраваць адзінства палякаў.
Як выказаліся пра трагедыю сусветныя лідары?
Францыя заклікала да "крайняй асцярожнасці " пры ацэнцы таго, адкуль прыляцела ракета. І шэраг краін кіруюцца гэтай парадай і праяўляюць максімум асцярожнасці.
Кітай заклікаў да спакою. Прадстаўнік міністэрства замежных спраў Мао Нін заявіла на брыфінгу для прэсы: "У сітуацыі, якая склалася, усе адпаведныя бакі павінны захоўваць спакой і праяўляць стрыманасць, каб пазбегнуць эскалацыі сітуацыі".
Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс сказаў BBC, што разглядае гэта як адзінкавы інцыдэнт, але лічыць, што вайну неабходна спыніць як мага хутчэй.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Масква "не мае да гэтага ніякага дачынення".
Міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста заявіў, што важна ведаць падрабязнасці інцыдэнту і "дзейнічаць адпаведна". Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што прадстаўнікі G7 і НАТО гатовыя дапамагчы Польшчы ў яе расследаванні.
Што пішуць польскія медыя?
Журналіст польскага партала Onet Марцін Вырвал гэтай раніцай быў не такі стрыманы.
"Пры правільных абставінах такая "памылка" расійскай балістычнай ракеты або ўкраінскай ЗРК магчымая. Як бы тое ні было, сістэма супрацьракетнай абароны NATO толькі што прайшла выпрабаванні. Гэтая сістэма цалкам правалілася. І расейцы гэта ведаюць", - піша Вырвал.
Журналіст газеты Wyborcza Павел Вронскі мяркуе, што Польшча павінна папрасіць саюзнікаў размясціць на сваёй мяжы зенітныя комплексы малой далёкасці. Такіх комплексаў у Польшчы няма.
"Пакуль мы вельмі мала ведаем аб гэтай падзеі. Усё паказвае на тое, што напад не быў наўмысным", — піша журналіст і ўхваляе рашэнне ўрада запытаць кансультацыі з партнёрамі па NATO.
Самае галоўнае
Пшэводаў — мястэчка ў Люблінскім ваяводстве. Шэсць-сем кіламетраў наўпрост да мяжы з Украінай. Дзесяць шматкватэрных дамоў, царква, пачатковая школа, прадуктовая крама. Сёння там пражывае каля 500 чалавек. Выбух адбыўся ў 300 метрах ад жылога масіва, піша Wyborcza.
У будынак зернесушылкі заехаў напоўнены збожжам трактар з прычэпам. Пачуўся выбух. Ад выбуху велізарны цягач перакуліўся на бок. У зямлі засталася варонка глыбінёй два метры.
Загінулі майстар вага-сушыльнай устаноўкі і кіроўца трактара.
— Я асабіста ведаў двух мужчын, — кажа Гжэгаж Дрэўнік, мэр гміны, у якой адбыўся выбух. — Гэта вельмі прыстойныя людзі з сем'ямі і дзецьмі. Адбылася велізарная трагедыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.