Кіраўнік БАТЭ не супраць, каб Глеб згуляў з "Арсеналам"

Кіраўнік БАТЭ не супраць, каб Глеб згуляў з "Арсеналам"

Новы старшыня праўлення ФК БАТЭ Андрэй Капскі ў інтэрв'ю "Прессболу" выказаўся наконт перамоваў, якія клуб вядзе з футбалістам 37-гадовым Аляксандрам Глебам. Мінулы сезон ён правёў у складзе БАТЭ, дапамог камандзе прабіцца ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Барысаўчане згуляюць з лонданскім "Арсеналам" (14 лютага — на "Барысаў-Арэне", 21 лютага — у Лондане), за які ў свае зорныя часы, у 2005-2008 гадах, выступаў Глеб.

30 снежня ў спецыяльным навагоднім праекце "Галоўны эфір. Кропкі адліку" на тэлеканале "Беларусь 1" Аляксандр Глеб сказаў, што плануе працягваць кар'еру футбаліста ў новым спартовым сезоне. Але не ведаў, ці застанецца ў БАТЭ, бо кантракт скончыўся. "Трэба размаўляць з клубам. Трэба, каб жаданне абодвух бакоў супадала. Таму наконт "Арсенала" цяжка адказаць", — гаварыў Глеб.

"Вядзем перамовы з Аляксандрам Палычам — Глеб у роздуме, — гаворыць "Прессболу" Андрэй Капскі. — Але ніхто не пярэчыць, каб ён згуляў гістарычны матч у Лондане з "Арсеналам". А потым яму трэба вызначацца: адчувае сілы правесці паўнавартасны сезон — альбо бачыць працяг кар'еры і далейшага ўкладу жыцця ў іншым ключы. Не прыспешваем Аляксандра і ні на чым не настойваем. Гэта павінна быць чыста яго рашэнне — узважанае і абдуманае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі