Клайпедскі порт гатовы дапамагчы Беларусі арганізаваць пастаўкі нафты
Літоўская кампанія па пагрузцы нафтапрадуктаў Klaipedos nafta кажа, што Беларусь звярнулася да іх з просьбай дапамагчы арганізаваць пастаўкі нафты.
"Мы атрымалі запыт ад беларускіх кліентаў наконт імпарту сырой нафты праз наш тэрмінал у студзені", — прыводзіць ru.delfi.lt словы часовага дырэктара кампаніі па нафтабізнэсе Гедруса Сабаляўскаса. Ён кажа, што Klaipedos nafta гатовая перавальваць сырую нафту з караблёў.
Па словах прадстаўніцы Klaipedos nafta Арынты Бракаўскайтэ, з просьбай да іх звярнуўся беларускі манапаліст экспарту нафтапрадуктаў "Беларуская нафтавая кампанія" (БНК). Яна экспартуе прадукцыю асноўных беларускіх заводаў — Мазырскага НПЗ і наваполацкага НПЗ "Нафтан".
Klaipedos nafta можа перавальваць да 3 млн тон нафты. Летась Беларусь імпартавала з Расіі каля 18 млн тон нафты.
Дырэктар Клайпедскага порта па маркетынгу і агульных пытаннях Артурас Друнгілас кажа, што нафту для Беларусі можна было б імпартаваць і праз Бутынгскі нафтатэрмінал. Але яго кантралюе кампанія Orlen Lietuva, якая з'яўляецца канкурэнтам беларускіх заводаў.
Праблемы з пастаўкамі расійскай нафты ў Беларусі пачаліся з 1 студзеня і не вырашаныя дагэтуль. 14 студзеня першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой паведаміў, што наша краіна накіравала прапановы наконт імпарту нафты краінам Балтыі, а таксама Польшчы, Украіне, Казахстану і Азербайджану.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.