Беларускае параходнае таварыства збанкрутавала ад вайны Расіі супраць Украіны

Судна "Надзея" канфіскавала Украіна / Беларускае марское параходства
На банкруцтва падало дзяржаўнае прадпрыемства ААТ "Беларускае марское параходства". У яго статутным фондзе доля дзяржавы складае 99,3632%.
Як адзначае тг-канал "Віцебск, я гуляю", кампанія была створаная ў 2016 годзе — пераважна для кантэйнерных перавозак і іх экспедавання. "Беларускае марское параходства" займалася транспартаваннем прадукцыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у розныя краіны.
На балансе кампаніі было самаходнае судна "Надзея". На ім грузы перавозілі з Кіева ў порт Ізюм, а потым у Сербію і Румынію. Пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі, якая вялася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Украіна канфіскавала гэтае судна.
Не здолеўшы пагасіць запазычанасці, кампанія 14 верасня 2024 года канчаткова спыніла гаспадарчую дзейнасць.
20 студзеня 2025 года Эканамічны суд Мінска прыняў да разгляду заяву параходства аб банкруцтве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.