"Беларуснафта" аб'явіла пра "рэкорд апошніх 29 гадоў"
Лукашэнка патрабаваў рэкордаў, і іх арганізавалі
"Беларуснафта" аб'явіла пра "рэкорд апошніх 29 гадоў". За 2024 год было здабыта 1938 тысяч тон нафты (летась — 1,87 млн тон).
"Беспрэцэдэнтна высокім вынікам" названая і здабыча са свідравін, зробленых сёлета. Гэта больш за 203 тысячы тон сыравіны.
Як вядома, вясной Аляксандр Лукашэнка паставіў перад новым міністрам прыродных рэсурсаў задачу шукаць у нашай краіне нафту і іншыя карысныя выкапні: "Трэба капаць і шукаць... Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба". І чыноўнікі стараліся — сёлета нафту ўпершыню пачалі шукаць у Віцебскай вобласці. Восенню ў Мінпрыроды абмеркавалі "максімальна магчымае павелічэнне здабычы нафты". Было павялічана фінансаванне геалагічнага вывучэння нетраў.
У Беларусі за год здабываюць аб'ёмы нафты, якія забяспечваюць каля 15% патрэбаў эканомікі. Асноўныя месцы залягання нафты знаходзяцца ў Гомельскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.