Працягнута забарона на ўвоз асобных тавараў з "несяброўскіх краін"

"Контрсанкцыі" ад прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі / sb.by
У Беларусі працягнута забарона на ўвоз асобных тавараў з "несяброўскіх краін". Гэтыя "контрсанкцыі" будуць дзейнічаць да 31 снежня 2025 года. Адпаведны дакумент падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.
У згаданы пералік тавараў трапіла асобная прадукцыя з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі. У спісе сярод іншага — піва, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, дэзадаранты, мыла, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, пасцельныя прыналежнасці, сталовы посуд. Забараняюцца ўвоз і продаж вады, уключна з мінеральнай і газаванай. Таксама забараняецца маркіроўка на тэрыторыі "несяброўскіх краін" алкагольных напояў, якія імпартуюцца ў РБ.
З пачатку 2022 года ў Беларусі дзейнічаюць і харчовыя "контрсанкцыі" — таксама адказ на санкцыі Захаду. Аднак пазбегнуць дэфіцыту не ўдалося. Не ўсе імпартныя прадукты атрымліваецца паспяхова замяніць айчыннымі. У выніку ўрад РБ "вымушана" стварыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга і пашырае яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.